Знойдзена самая старая сівая сініца?

 У графстве Cumbria жыве самая старая ў Вялікабрытаніі, а можа і ў Свеце сівая сініца (Parus palustris). Яна была акальцаваная дзесяць год таму і была заўважаная ў лесе недалёка ад Haverthwaite.

Птушка атрымала сваё кальцо ў лесе Roudsea вясной 2003 г. З гэтага часу і да яе апошняй рэгістрацыі прайшло 10 год, 4 месяцы і 25 дзён – гэта на 3 месяцы больш, чым рэкорд доўгажыхарства гэтага ж віду іншай брытанскай сівой сініцы. Раней гэты від быў звычайным у большасці брытанскіх лясоў, аднак у апошнія прыкладна 30 год адбываецца хуткае змяншэнне яе колькасці і тэрыторый распаўсюджання. Від знік у многіх месцах былога арэалу. 

Лес Roudsea на працягу некалькіх апошніх гадоў застаецца важнай даследчай пляцоўкай для вывучэння розных папуляцыйных паказчыкаў віду і фактараў, якія могуць на іх уздзейнічаць. 

Кен Гіндмарч (Ken Hindmarch), які працуе ў гэтым праекце, сказаў: “Гэта фантастычны рэкорд. Птушка была злапаная ў 2003 як ужо дарослая самка і з таго часу рэгулярна адзначаецца паблізу месца кальцавання. Таму яе сапраўдны ўзрост нават большы за той, які мы можам вызначыць толькі па дадзеных кальцавання”. 

Цяпер амаль усе сівыя сініцы ў гэтым лесе маюць каляровыя пластыкавыя кольцы разам са стандартнымі металічнымі кольцамі British Trust for Ornithology. Камбінацыі пластыкавых калец прадуманы такім чынам, што каб вызначыць індывуальную птушку, яе не трэба паноўна адлаўліваць. Дзякуючы гэтаму птушка-рэкардыстка была заўважаная і вызначаная ў птушынай сталоўкі прадстаўніком National Nature Reserve з акна свайго офісу. 

Каб афіцыйна быць прызнанай самай старай сівой сініцай, птушка-ветэранка з лесу Roudsea павінна пражыць яшчэ як мінімум два гады. Бо дагэтуль рэкорд даўгажыхарства трымае сівая сініца са Швецыі – 11 год і 11 месяцаў. Аднак сапраўдны ўзрост брытанскай птушкі невядомы – бо закальцаваная яна была як ужо дарослая і, магчыма, ўжо старэйшая за птушку са Скандынавіі. 

Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

На гэтую тэму:

Сакрэты доўгага жыцця птушак  

Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства

Знакамітая шатландзкая Lady ізноў выгадавала птушаня 

САМАЯ СТАРАЯ ПТУШКА Ў ПРЫРОДЗЕ ІЗНОЎ ВЫГАДОЎВАЕ ПТУШАНЯ

Шасцідзесяцігадовы альбатрос яшчэ размнажаецца !