Канвенцыя па ахове еўрапейскай прыроды і прыродных экасістэм (Convention on the Conservation of European Wildlife and Natural Habitats) была падпісана ў Берне (Швейцарыя) 19 верасня 1979г., і хутка пачала называцца проста “Бернскай канвенцыяй”. Цяпер яна ратыфікаваная ўсімі краінамі – чальцамі Рады Еўропы, акрамя Расіі і Сан-Марына, а таксама Беларусі, якая ў Раду Еўропы не ўваходзіць. Па за еўрапейскімі краінамі, яе падпісалі Буркіна Фасо, Марокка, Туніс і Сенегал.
Бернская канвенцыя была першым міжнародным пагадненнем, галоўнай мэтай якога была ахова дзікіх відаў раслін і жывёл у іх прыродных экасістэмах праз павелічэнне паразумення паміж краінамі-падпісантамі і рэгуляцыі выкарыстання дзікай прыроды (уключна з мігрыруючымі відамі).
Каб адпавядаць Канвенцыі, краіны Еўразвязу ў тым жа годзе прынялі знакамітую Дырэктыву аб дзікіх птушках (Birds Directive), а ў 1992г. – Дырэктыву аб экасістэмах (Habitats Directive). Дзякуючы палітычнай падтрымцы Рады Еўропы, Бернская канвенцыя ператварылася ў Пан-Еўрапейскую сістэму экалагічнай супрацы так, што развіліся і суіснуюць тэрыторыі праграмы Natura 2000 ў краінах ЭЗ і Тэрыторыі, важныя для аховы (Areas of Special Conservation Interest) па праграме Смарагдавай сеткі ў краінах, не чальцах ЭЗ.
“За апошнія 30 год Бернская канвенцыя была прынцыповым фактарам, дзякуючы якому атрымалася дасягнуць мноства поспехаў у ахове прыроды.” – падкрэсліў Барыс Бараў (Boris Barov), кіраўнік аддзелу аховы прыроды еўрапейскага офісу BirdLife.
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ