У гэтую суботу-нядзелю сябрамі АПБ з Гродзенскага абласнога аддзялення запланаваны шэраг акцый, накіраваных на бліжэйшае знаёмства гарадзенцаў (і не толькі!) з дзікімі птушкамі.
Як і ў мінулым годзе, ў суботу 3 кастрычніка, з 12.00 да 15.00 ў парку імя знакамітага французскага біёлага Жана Эмануэля Жылібэра (1741-1814) у самым цэнтры Гродна будзе працаваць адмысловая пляцоўка для назіранняў за птушкамі. Сябры АПБ будуць дапамагаць наведвальнікам любога ўзросту - ад самых маленькіх да самых старэйшых – убачыць мясцовых птушак праз зрокавыя трубы з павелічэннем ад 20 да 50 разоў.
Тут жа, каля скульптуры русалкі на беразе рэчкі Гараднічанкі можна будзе самастойна паспрабаваць вызначыць убачаных птушак з дапамогай беларускага вызначальніка “Птушкі Еўропы” або вялікага плаката “Птушкі за вакном”, задаць любыя пытанні наконт жыцця і аховы дзікіх птушак, зрабіць самастойна ці замовіць у электронным выглядзе свае здымкі з біноклямі і трубамі – бёдуотчарскім рыштункам. Таксама будзе можна далучыцца да сябраў ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Назіранні адбудуцца пры любым надвор’і.
У той жа дзень прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ правядуць адмысловую экскурсію для школьнікаў і настаўнікаў Канюхоўскай СШ (Бераставіцкі раён), каб паказаць жыхарам навокал балота Грайна, якое з’яўляецца часткай міжнародна значнай тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) мясцовых і мігрыруючых праз ТВП птушак.
У нядзелю, 4 кастрычніка, на арэндаваным аўтобусе можна будзе разам з дзеткамі наведаць адно з найлепшых для назіранняў птушак вакол Гродна – ачышчальныя сажалкі ВА “Азот” каля в.Беражаны, дзе цяпер адпачываюць перад міграцыяй дзесяткі шэрых і вялікіх белых чапляў, малых коўраў, некалькі відаў качак, драпежных і вераб’іных птушак. Ад’езд ад прыпынку каля будынку Абласной філармоніі ў 9.30, вяртанне ў Гродна – а 15.00. Пасля назіранняў, прыкладна з 13.30 на маляўнічым беразе Нёмана адбудзецца вогнішча і абед са смажаннем каўбасак. Кошт удзелу ў паездцы – 10 тысяч руб.з адной асобы, для сем’яў з дзеткамі прадугледжаны зніжкі. Свой удзел неабходна пацвердзіць Дзьмітрыю Вінчэўскаму на маб.тэл. +375 336887589 (мтс) да 15.00 суботы. Для абмежаванай колькасці ўдзельнікаў на час назіранняў могуць быць выдадзены біноклі. Выезд адбудзецца пры любым надвор’і!
У гэтыя ж дні свае пляцоўкі для назіранняў за птушкамі будуць адкрыты для наведвання таксама ў парках Слоніма і Наваградка. Больш інфармацыі пра час і месца іх працы можна даведацца ў Святланы Пракоф’евай (Слонім) (мтс +375 292 663436 ) і Аксаны Цвырко (Наваградак) (велком +375 299416890) – Старшыняў Саветаў адпаведных раённых аддзяленняў АПБ.
На гэтым тыдні фотавыстава “Нашы птушкі”, якая складаецца з 46 лепшых здымкаў дзікіх птушак Беларусі, заканчвае сваю працу ў холе СШ №35, якая знаходзіцца ў пас. Паўднёвы каля Гродна. Далей шлях "Нашых птушак" ляжыць на паўночны ўсход Гарадзеншчыны – ў школы і бібліятэкі Астравеччыны, Ашмяншчыны і Смаргоншчыны. Не гледзячы на тое, што гэты маршрут не супадае з маршрутамі міграцыі сапраўдных птушак, спадзяемся, што выдатныя здымкі гарадзенскіх фотамайстроў дазволяць жыхарам нашай вобласці зблізку ўбачыць хараство нашых дзікіх птушак.
Запрашаем на вялікія пан-еўрапейскія назіранні!
Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддязленне АПБ,
Здымак з мінулагодніх Еўрапейскіх дзён назіранняў за птушкамі Леаніда Шчаглова (БЕЛТА).
Колькі бёдуотчараў у Амерыцы і якое значэнне іх хобі мае для эканомікі ЗША гл. на нашым сайце тут: http://www.birdwatch.by/news/728
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ