Знойдзена першая птушка, якая апыляла кветкі

 Нечаканая знаходка, зробленая ў мясцовасці Messel Pit (Германія), прывяла да зменаў нашых уяўленняў пра час пачатку супрацоўніцтва птушак і кветак. Знойдзеныя парэшткі васьмісантыметровай птушкі, ў якой у страўніку засталіся неперавараныя рэшткі насякомых і некалькі сотняў крупінак кветкавага пылку. 

“Апошні абед гэтай старажытнай птушкі вельмі падобны да таго, чым цяпер харчуюцца калібры: вялікая колькасць нектару разам з дадаткам з насякомых і пылком” – сказаў Джэральд Майр (Gerald Mayr) з Senckenberg Research Institute у Франкфурце (Германія) аўтар знаходкі і артыкулу ў часопісе Biology Letters.

Птушка была названа Pumiliornis tessellates, яе лапы былі прыстасаваныя да сядзення на галінках, а падоўжаная і тонкая дзюба падобная на дзюбу сучасных відаў калібры. Аднак наўрацці ў яе засталіся блізкія крэўныя, бо ўзрост парэшткаў быў вызначаны на 47 мільёнаў гадоў. 

Дагэтуль найбольш раннія вядомыя прыклады птушак-апыляльнікаў, якія таксама апісаў Дж. Майр, адносіліся да старажытных калібры і мелі ўзрост паміж 30 і 34 мільёнамі гадоў. Аднак раней прамых доказаў на карысць іх удзелу ў апыленні кветак не было – толькі ўскосныя, звязаныя з мяркуемым укладам жыцця. 

Засноўваючыся на анатамічных асаблівасцях будовы Pumiliornis tessellates, Майр мяркуе, што апыленне кветак птушкамі пачалося незадоўга да таго, як новаапісаны від узняўся ў паветра. Знойдзены ў страўніку птушкі пылок паходзіць ад невядомай навукоўцам расліны, аднак эвалюцыя ўжо падрыхтавала яе да абаюдакарыснай сустрэчы з птушкамі. Знойдзены прыклад каэвалюцыі паказвае, што, хутчэй за ўсё, гэты спосаб апылення ўзнікаў у прыродзе не адзін раз. 

Месца знаходкі Messel – багата на выкапневыя рэшткі як раслін, так і жывёл. “Вельмі цікава, што часам атрымліваецца знайсці элементы старажытных экасістэм, якія пасуюць адзін да аднаго” – сказаў Дэвід Д’ілчэр (David Dilcher) з універсітэту Індыяны (ЗША), каментуючы знаходку.   

Паводле www.news.nationalgeographic.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

 КАЛІ КАЛІБРЫ АПЫНУЛІСЯ Ў АМЕРЫЦЫ І ШТО З ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ

 АПІСАНА САМАЯ ВЯЛІКАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ КАЛІ-НЕБУДЗЬ ЛЯТАЛА

АПІСАНА САМАЯ СТАРАЖЫТНАЯ ВАДАПЛАЎНАЯ ПТУШКА, ЯКАЯ ЛЯТАЛА