Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хаця я ўжо раней бачыў, як шэрыя вароны (Corvus (corone) cornix) прачэсваюць у пошуках схаваных малюскаў схілы ў Нёмана, а потым разбіваюць ракавіны і з'ядаюць вінаградных смаўжоў (Helix pomatia), параўнаць як гэта робяць маладыя птушкі, было б цікава.
Таму як толькі я ўбачыў маладую варону са смаўжом у дзюбе, я прысеў і стаў здымаць што будзе далей:
Як варона ні старалася засунуць дзюбу унутр ракавіны, нічога ў яе не атрымлівалася. Побач нейкага выніку спакойна чакала другая, таксама маладая птушка. І як толькі смоўж выпаў у першай, другая падхапіла яго, але і ў яе таксама нічога не атрымалася. Праз хвіліну-дзве абедзве вароны са смаўжом адляцелі, але наўрацці ў іх атрымалася дабрацца да змесціва ракавіны і пазней. Стала зразумела, што маладыя птушкі проста яшчэ не бачылі, як вінаградных смаўжоў 'ускрываюць' дарослыя вароны, а самі яны прыдумаць добры спосаб так і не змаглі.
Вось для гэтага і патрэбна навучанне, каб хутка передаваць новым пакаленням і распаўсюджваць на новыя тэрыторыі эфектыўныя метады здабыцця цяжкадаступнай або новай ежы.
15-09-2021, бераг Нёмана ў Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.09.2021 - 17:35
Некалькі разоў зробяць…
Некалькі разоў зробяць спробу, а потым усё наладзіцца - будуць пстрыкаць слімакі, як арэшкі. Як казаў А.С. Пушкін "... i досвед, сын памылак цяжкіх,
i геній, парадоксаў сябар, ... "
Apus - 21.09.2021 - 13:47
Цікава, ужо ж напэўна бачылі…
Цікава, ужо ж напэўна бачылі, як кідаюць розныя прадметы іншыя вароны, але, відаць, не слімакоў, таму аналогіі не правялі)