Працяг гісторыі, пачатак ТУТ і ТУТ
Прыкладна на 3-4 дзень пасля вылету з гнязда першыя маладыя вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) разумеюць, што крылы ім патрэбныя не толькі для таго, каб больш упэўнена прасіць ежу ў бацькоў, бо раскрытыя крылы якія рухаюцца ў дадатак да галодных крыкаў і шырока раскрытай дзюбы, яўна прыцягваюць больш увагі, чым проста раскрытая дзюба)
Праблема ў тым, што калі так робяць усе ці большасць тваіх суседзяў-сіблінгаў, то ты ўжо не вылучаешся ў лепшы бок сярод іх. І тады трэба шукаць іншае выйсце і яно знаходзіцца. самыя галодныя, ці тыя з птушанят, якія лічаць сябе несправядліва абдзеленымі, змяняюць сваё месца, з якога просяць ежу і пералятаюць у лепшае (на іх погляд). Цікава, што першы час на такіх пралятаючых побач птушанят такога ж узросту іншыя злёткі рэагуюць дакладна таксама, як на дарослых - просяць у іх ежу)
Пералятаць маладым яўна нецяжка, але без сэнсу яны стараюцца гэтага не рабіць, хаця і лятаюць яны ўжо вельмі добра. Ды яшчэ часам дарослыя птушкі (прычым зусім не абавязкова бацькі) бачаць нейкую небяспеку побач і падаюць адрывістымі і звонкімі крыкамі сігнал трэвогі, нешта ціпа хуткага "плі-плі-плі!". Тады ўся навакольная моладзь звычайна зрываецца са сваіх месцаў і лятае наступныя 2-3-4 хвіліны, ажно зноў не рассядзецца па старых ці новых прысадах.
Напэўна змена месца, з якога ты просіш ежу, не надта дапамагае атрымаць яе першым у параўнанні з сіблінгамі. Тым больш бацькам трэба не толькі убачыць цябе на новай прысадзе, але і нейкім чынам 'апазнаць' як свайго. І тады некаторыя здагадваюцца, што можна ж не чакаць, пакуль бацькі падляцяць і пакладуць табе ежу ў рот, а ...самім падляцець да іх і атрымаць у паветры тое, што яны няслі, прычым можа і не табе!
Такія вылеты насустрач здараюцца спачатку з невялікай адлегласці, звычайна ў некалькі метраў, але з часам і адлегласць павялічваецца, і частата падобных 'перахватаў' бацькоў з ежай у паветры расце. А ўсё, што неабходна для гэтага: хуткасць рэакцыі, манеўранасць палёта і добры зрок яўна спатрэбяцца ўжо ў недалёкай будучыні ў самастойным жыцці. Ды і трэніроўка крылаў яўна лепш адбываецца ў палёце, чым пад час выпрошвання ежы на прысадзе)
Толькі зняць падобныя перадачы ежы ад дарослых ластавак маладым у паветры шанцаў, на жаль няма...
Прыкладна праз тыдзень пасля вылету, маладыя ластаўкі ўжо вельмі рэдка сядзяць на прысадах у чаканні ежы. А калі і сядзяць, то атрымаць яе ў іх шанцаў практычна няма.
Гродна, 04-07-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ