Працяг. Пачатак - фота-гісторыі І, ІІ, ІІІ, IV, V, VI, VII,VIII, ІХ і Х.
Праз 3 дні пасля апошняй сустрэчы з сям'ёй шэрых курапатак (Perdix perdix) у цэнтры гораду, я няспешна йшоў ранкам уздоўж іх лужка, калі перада мной з яго выбег на плітку ходніка самец. Прычым негледзячы на зусім невялікую адлегласць паміж намі, ён і не падумаў вярнуцца і перачакаць, пакуль я прайду, а ўпэўнена перасёк некалькі метраў адкрытай прасторы ходніка і знік у высокай расліннасці на схіле берага. Я ўключыў фотаапарат і стаў чакаць што будзе далей.
Праз некалькі секунд у тым самым месцы, адкуль свой шлях з 'лужка курапатак' праз ходнік пачаў самец, сярод раслінасці з'явілася самка і няспешна, у адрозненне ад самца, таксама перасякла яго і схавалася ў высокай траве на схіле да ракі. Самка выглядала менш упэўненай у тым, што яна ўсё робіць правільна, але таксама не перадумала і не вярнулася. І тут прыйшла чарга на двух падрослых птушанят - яны як куля перабеглі адкрытую прастору, таму мой адзіны іх здымак атрымаўся нярэзкім)
Самец ужо спускаўся да Нёмана, калі да яго далучыліся маладыя курапаткі і самка. Мне зверху было бачна, што ясны план дзеянняў ёсць толькі ў самца, самка страхавала ўсіх і таму больш стаяла, часта выцягнуўшыся, на варце. А птушаняты йшлі-перабягалі за дарослымі, часам раскрываючы ўжо нармальнага памеру крылы і стараліся нешта падзюбаць-пад'есці дзе маглі.
Але самец прыйшоў сюды не каб есці, а каб папіць з ракі. І калі знайшоў зручнае месца, якое вытапталі рыбакі, адразу пачаў піць. Хутка да яго даоучыліся і птушаняты. А самка засталася ззаду і глядзела, каб ніхто не напаў на сям'ю 'з тылу':
Гродна, 26-08-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ