Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Птушкі Мадагаскара. Мадагаскарскі чорнагаловы ерчык

мадагаскарскі чорнагаловы ерчык

Працяг. Пачатак ТУТ і ТУТ

Адразу пасля прылёту на Мадагаскар, дзе ў аэрапарту нас ужо чакала рэшта нашай беларуска-польскай групы і гід Сулуфу, без ваганняў было вырашана прысвяціць рэшту светлай часткі сутак на бёрдынг у наваколлі сталіцы, а ўжо пасля змяркання ехаць на размяшчэнне і вячэру ў гатэль.

Кал мы прыехалі на бераг вялікага возера, на супрацьлеглым баку дарогі ад якога былі шматлікія, але невялікія па плошчы палеткі з асобнымі каровамі і зебу на шмат якіх лапіках зялёнай і не вельмі зямлі, нам да захаду сонца засталася толькі гадзіна. Але і за яе мы паспелі ўбачыць параўнальна шмат і нават нешта сфоткаць.

Адным з самых звычайных відаў там аказаўся мадагаскарскі чорнагаловы ерчык (Saxicola (torquatus) sibilla) - ці то эндэмічны падвід, ці то хутчэй эндэмічны від - пра гэта ніжэй. Ні паводзінамі - самцы спрабавалі спяваць з самых высокіх частак раслін і падпускалі даволі блізка (як і самкі), ні выбарам біятопаў -  вільготныя кавалкі лугоў і палёй дзе-нідзе з канавамі з вадой, ні знешнім выглядам яны асабліва не адрозніваліся ад нашых чорнагаловых ерчыкаў (S. rubicola). І каб не навязаныя дзе-нідзе зебу і некаторыя дзіўныя расліны ціпа папірусу), а таксама частыя і выразныя песенькі мясцовых цісцікол, або лесак-швачак (Cisticola cherina), якія пераляталі навокал з высокіх кустоў у невысокія і наадварот, можна было б падумаць, што мы ходзім дзе-небудзь на Палессі)

На наступны дзень мы сустрэлі аднаго самца на ўскрайку агародзікаў зусім побач з аэрапартом, з якога збіраліся ляцець на поўдзень, а потым бачылі ерчыкаў яшчэ не раз у розных вільготных біятопах на востраве.

13,14 і 23-11-2024, Madagascar

Працяг будзе

Філагенетычныя даследаванні час ад часу змяняюць нашы ўяўленні пра відавы статус асобных груп (падвідаў) і чорнагаловы ерчык добры прыклад гэтых зменаў. З сярэдзіны 1990-х гучалі прапановы вылучыць у асобныя віды некаторых чарнаговых ерчыкаў, раней аб’яднаных у палеатрапічны комплекс відаў Saxicola torquatus, які таксама ёсць і самастойным відам. Два аллавіды (allospecies, віды, якія ўтвараюць ‘супервід’) S. rubicola і S. maurus, напрыклад, выразна адрозніваюцца пры параўнанні нуклеатыднай паслядоўнасці іх мітахандрыяльнай ДНК (Wittmann et al. 1995; Wink et al. 2002a, b; Urquhart 2002), і яны ж выразна адасоблены ад афрыканскага чорнагаловага ерчыка S. torquatus.

Група афрыканскіх чорнагаловых ерчыкаў, якія адносяцца да комплекснага віду S. torquatus хутчэй за ўсё павінны лічыцца ‘сястрынскім’ таксонам для групы еўрапейскіх чорнагаловых ерчыкаў S. rubicola, S. maurus і S. dacotiae (апошні распаўсюджаны на востраве Fuerteventura на Канарскіх астравах і не мае чорнага горла). Для 12 афрыканскіх падвідаў відавы статус як мінімум некаторых з іх абмяркоўваецца дагэтуль, падобна на сытуацыю з азіяцкімі і еўрапейскімі групамі.

Вынікі параўнання ўчасткаў мітахандрыяльнай ДНК паказалі, что чорнагаловыя ерчыкі з усходу Мадагаскара адрозніваюцца ад геаграфічна суседніх афрыканскіх папуляцый S. t. axillaris і S. tectes даволі значна (4,3–5,3%). Таму вельмі пажадана надаць відавы статус ранейшаму падвіду Saxicola torquatus sibilla (Linnaeus 1766) і адпаведна далей лічыць яго паўнапраўгым відам: мадагаскарскім чорнагаловым ерчыкам Saxicola sibilla (Linnaeus 1766) (Woog et al. 2008).

Падрабязней тут: Woog F. et al. Distinct taxonomic position of the Madagascar stonechat (Saxicola torquatus sibilla) revealed by nucleotide sequences of mitochondrial DNA. J Ornithol 149, 423–430 (2008). https://doi.org/10.1007/s10336-008-0290-1