Гэтым летам вугорская прыродаахоўная арганізацыя MME/BirdLife Hungary (BirdLife у Вугоршчыне) забяспечыла 8 дарослых самак сакалоў-шулёнкаў (Falco vespertinus) самымі маленькімі спадарожнікавымі перадатчыкамі, створанымі дагэтуль.
Кожны такі мініятурны спадарожнікавы перадатчык (Platform Transmitter Terminals (PTT)) важыць толькі 5 грам, што дазволіла выкарыстаць яго ўпершыню для адсочвання шляхоў міграцыі і месцаў зімоўкі самага маленькага еўрапейскага сокала-шулёнка, які важыць ад 130 да 200 грам. Такія перадатчыкі з дапамогай тэфлонавай цясьмы змяшчаюцца на спіне ў птушак як заплечнікі, яны не ссоўваюцца і не раздражняюць скуру птушак, а таскама не перашкаджаюць у іх рухах. Атрыманне сігналаў, якія перадатчыкі дасылаюць (праз вызначаны пад час іх змяшчэння на птушках прамежак часу) на спадарожнікі, ў залежнасці ад іх колькасці, дазваляе вызначыць месцазнаходжанне птушкі з дакладнасцю да 150 м. На жаль, як ужо вядома з досведу па іншых відах птушак, сігналы з Еўропы і Міжземгнамор’я заглушаюцца сігналамі з іншага тэхнічнага абсталявання і з гэтага адрэзку шляху іх паступае найменш.
Аднак больш-менш дакладныя месцы зімоўкі гэтых сакалоў (як, дарэчы і шмат якіх іншых еўрапейскіх відаў птушак) заставаліся тайнай, а менавіта сігналы з Афрыкі найбольш устойлівыя.
Прыкладна праз месяц пасля адлёту сакалоў з Вугоршчыны, большасць з іх ужо даляцела да Паўднёвай Афрыкі і птушкі сканцэнтраваныя ў Паўднёвай Анголе. Самая хуткая мігрантка, самка Heni, пераадолела адлегласць у не менш чым 7000 км за 16 сутак!
Каб пераляцець Міжземнае мора і Сахару, птушкам спатрэбілася толькі 3 сутак, пры чым часам яны ляцелі і ўдзень, і ўначы.
Цяпер даследчыкі шукаюць грошы на магчымасць паездкі і вывучэння “сваіх” сакалоў у Паўднёвай Афрыцы, дзе плануюць дакладна адсачыць выкарыстанне сакаламі розных біятопаў і вызначыць магчымыя неспрыяльныя для птушак фактары менавіта на месцах іх зімоўкі.
Арганізацыя MME/BirdLife Hungary ужо доўгі час супрацоўнічае ў ахове сакалоў-шулёнкаў з Hungarian National Park Directorates. Іх праца была дафінансаваная з фонду Еўразвязу LIFE+.
Больш інфармацыі і карты з трасамі перамяшчэння птушак можна знайсці тут: www.falcoproject.hu
Здымак маладога сокала-шулёнка Дзьмітрыя Якубовіча
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
У Беларусі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў выпадкі гнездавання сакалоў-шулёнкаў невядомыя. Штогод мігрыруючыя птушкі адзначаюцца ў розных месцах нашай краіны, а часам – як сёлета, адбываюцца сапраўдныя інвазіі, калі шмат дзе можна назіраць групкі нават з некалькіх сакалоў адначасова.
На гэтую тэму:
Малінаўкі шчасліва даляцелі да Мальты
Стэпавы арол пад наглядам спадарожнікаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ