Аматары-палеантолагі адкрылі новы від птушак, якому каля 90 мільёнаў гадоў

Пад час прагулкі ўздоўж сажалкі ў невялікім японскім горадзе два браты- аматры палеанталогіі зрабілі нечаканае адкрыццё- яны знайшлі самыя старыя скамянелыя парэшткі птушкі для краіны. Акрамя гэтага аказалася, што гэта яшчэ не апісаны для навукі від .

Пасля таго, як пра адкрыццё былі паведамлены палеантолагі з універсітэту Hokkaido, браты Масатошы і Ясуйі Кера ( Masatoshi and Yasuji Kera) даведаліся, што знойдзеныя імі парэшткі належаць да птушкі з групы геспеорнісаў – шырока распаўсюджаных у позні крэйдавы перыяд рыбаядных птушак, якія добра ныралі. Парэшткі геспеорнісаў параўнальна часта знаходзяць у Паўночным паўшар’і, але вельмі рэдка- у Азіі.

Дзякуючы добрай захаванасці некалькі пазванкоў і абодвух бедраных костак, міжнароднай камандзе навукоўцаў атрымалася апісаць па іх новы від, які атрымаў назву Chupkaornis keraorum – “Chupka” на мове айнаў- карэнных насельнікаў вострава Хакайда – значыць “усходні”, а keraorum – вытворная назва ад прозвішча першаадкрыўцаў костак, братоў Kera.

"Гэтая цудоўная знаходка паказвае магчымасці звычайных людзей у такой складанай навуцы, як палеанталогія- для гэтага варта толькі зацікавіцца незвычайным і паведаміць пра яго навукоўцам” – сказаў Таманоры Танака (Tomonori Tanaka), палеантолаг з універсітэту Хакайда і галоўны сааўтар навуковага артыкула пра адкрыццё.

Узрост скамянелых костак, знойдзеных братамі ў горадзе Мікаса, ацэньваецца ў 84-90 мільёнаў гадоў.

"Геспеорнісы (Hespeornithiforms) – самая старажытная вядомая нам група птушак, якія прыстасаваліся да жыцця ў акіяне. Таму новаапісаны від дапаможа лепш зразумець станаўленне таксона і працэс адаптацыі птушак да нырання пад вадой”- сказаў Танака.

Геспеорнісы- былі зубастымі, актыўна плаваючымі і ныраючымі з дапамогай ног марскімі птушкамі. Прычым, па ацэнках навукоўцаў, у крэйдавы перыяд яны з’яўляліся адной з найбольш шырока распаўсюджаных груп птушак у Паўночным паўшар’і. Пярэднія канечнасці - крылы- у іх былі моцна рэдукаваныя, тады як ногі былі вельмі моцныя, што магло б сведчыць пра тое, што яны былі няздатныя да палёту. Дагэтуль найбольш парэштак геспеорнісаў было знойдзена ў Паўночнай Амерыцы. Знаходка Chupkaornis’а можа сведчыць пра тое, што 84-90 мільёнаў гадоў таму гэтыя птушкі былі распаўсюджаныя нават на ўсходніх ускрайках Азіі.

 

Крыніца:

Tomonori Tanaka et al (2017) The oldest Asian hesperornithiform from the Upper Cretaceous of Japan, and the phylogenetic reassessment of Hesperornithiformes, Journal of Systematic Palaeontology DOI: 10.1080/14772019.2017.1341960

 

Паводле www.phys.org (рэканструкцыя знешняга выгляду і тэкст) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Апісана самая старажытная вадаплаўная птушка, якая лятала

Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу

Птушкі Марока з пліяцэну

Знойдзены парэшткі пелікана, якому 30 мільёнаў гадоў

Новыя віды выкапнёвых птушак

На востраве хобітаў знойдзены парэшткі вялізарнага марабу

Знойдзена першая птушка, якая апыляла кветкі

Апісана самая вялікая птушка, якая калі-небудзь лятала