Канструктары дронаў растлумачылі афарбоўку крыла альбатросаў?

Не так часта інжынеры з аэракасмічнай сферы звяртаюцца з магчымымі тлумачэннямі асаблівасцяў палёту птушак у навуковыя часопісы. Аднак менавіта гэта зрабіла каманда з універсітэту New Mexico пад час спробы стварэння больш эканамічнага дрона.

Многія марскія птушкі вялікага памеру, якія лунаюць над вадой, маюць адмысловую афарбоўку крылаў – яны ў іх светлыя знізу і цёмныя зверху. Папярэднія гіпотэзы тлумачылі гэтую асаблівасць лепшым камуфляжам для харчавання ў моры ці акіяне.

Аднак ці дапамагае такая афарбоўка ў палёце? Лунаючыя птушкі толькі зрэдку карыстаюцца актыўным палётам і ўзмахваюць крыламі. Замест гэтага яны выкарыстоўваюць або тэрмікі над паверхняй зямлі, або іншыя токі паветра ў моры.

Інжынеры знайшлі, што цёмная ці чорная паверхня крылаў эфектыўна паглынае цяпло сонечных промняў і розніца тэмператур паміж верхняй і ніжняй паверхнямі крыла можа дасягаць за кошт гэтага нават 10°C і трымаецца на гэтым узроўні. Гэта эфектыўна змяншае ціск паветра на крылы і адпаведна павялічвае уздымаючую сілу паветраных патокаў.

Аднак Свана Рагалла (Svana Rogalla), з універсітэту Ghent (Бельгія), якая не ўдзельнічала ў даследаванні, сказала, што “хаця тэрмаграфія даказала, што верхняя частка крыла награваецца на сонцы ў параўнанні з ніжняй, аднак яшчэ зарана казаць пра магчымы эфект гэтага на палёт птушак. Хаця выпрацоўка птушкамі энергетычна каштоўнага меланіна ў пёрах для таго, каб было лягчэй лунаць, была б важным стымулам для натуральнага адбору”.

Інжынеры спадзяюцца, што іх адкрыццё можа палепшыць аэрадынамічныя ўласцівасці дронаў, якія будуць выкарыстоўвацца ў моры.

 

Крыніца:

M.Hassanalian, H.Abdelmoula, S.Ben Ayed, A.Abdelkefi (2017) Thermal impact of migrating birds’ wing color on their flight performance: Possibility of new generation of biologically inspired drones. Journal of Thermal Biology, doi.org/f96ggw

 

Паводле www.newscientist.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак чоpнабровага альбатроса з www.nzbirdsonline.org.nz

 

 

На гэтую тэму:

Махавыя пёры дапамагаюць эканоміць энергію і птушкам з актыўным палётам

Як калібры без цяжкасцяў лятаюць назад

Паўлінам іх доўгія пёры не перашкаджаюць

Самая старая ў Свеце птушка загнездавала ізноў!

Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е

ВЫКАРЫСТАННЕ ДРОНАЎ У АРНІТАЛАГІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ

АБРЫСЫ КРЫЛА ПТУШАК МОГУЦЬ МЯНЯЦЦА