Эколагі даўно заклікаюць звярнуць сур’ёзную ўвагу і супрацьстаяць відам-інтрадуцэнтам, бо акрамя вялікай шкоды для эканомікі і сельскай гаспадаркі, чужародныя віды змяняюць экасістэмы і знішчаюць мясцовыя віды непасрэдна або дзякуючы канкурэнцыі. Аднак у штаце Фларыда (ЗША) навукоўцы адзначылі зусім нечаканы прыклад пазітыўнага ўздзеяння інвазійнага віда смаўжа-інтрадуцэнта, які амаль наўпрост дапамог віду птушак, якому тут пагражае знікненне.
Папуляцыя паўночна-амерыканскага каршуна-смоўжаеда (Rostrhamus sociabilis) — птушкі з моцна загнутай дзюбай і доўгімі загнутымі кіпцюрамі, прыстасаванай да харчавання на яблычных смаўжах на фларыдзкіх балотах Everglades — пастаянна змяншала сваю колькасць у апошнія дзесяцігоддзі. Найхутчэй гэты працэс адбываўся паміж 2000 і 2007 гг, калі колькасць птушак зменшылася з прыкладна 3,5 тысяч да ўсяго 700. Аднак найгоршыя чаканні сярод ахоўнікаў прыроды распачаліся ў 2004 годзе, разам з пачаткам інвазіі на мясцовых балотах значна большага чужароднага віду смаўжоў. Арнітолагі чакалі, што гэта значна прыспешыць знікненне каршуноў.
Аднак адбылося нечаканае – колькасць гэтых драпежных птушак значна павялічылася за наступнае пасля пачатку інвазіі смаўжоў дзесяцігоддзе. Прычына гэтага, як аказалася, крыецца ў хуткай эвалюцыі і павелічэнні памераў дзюбы і цела каршуноў. Артыкул з вынікамі даследавання быў апублікаваны ў часопісе Nature Ecology and Evolution.
Здымак ракавін абарыгеннага і чужароднага відаў смаўжоў, якімі харчуюцца каршуны-смаўжаеды. Robert Fletcher/University of Florida
“Мы былі вельмі здзіўленыя,” – сказаў Робэрт Флэтчэр-малодшы (Robert Fletcher, Jr.), эколаг жывёл ва ўніверсітэце Фларыды і аўтар даследавання. “Мы часта мяркуем, што жывёлы параўнальна вялікіх памераў не могуць хутка змяняцца каб пасаваць да хуткіх зменаў асяроддзя, такіх як інвазіі іншых відаў ці змены клімату таму, што фізічна іх новыя пакаленні змяняюцца павольна. Аднак нам пашанцавала і мы змаглі назіраць за хуткай зменай памераў дзюбы ў гэтага віду птушак”.
Д-р Флетчар з калегамі параўналі дадзеныя прамераў розных частак цела каршуноў за 11 апошніх гадоў. Гэтыя птушкі ў сярэднім дажываюць да 8-мі гадовага ўзросту. Таму даследчы перыяд змог уключыць у сябе максімум два пакаленні каршуноў-смоўжаедаў. Аднак розніца з дадзенымі, атрыманымі на пачатку работы, была яўнай: у сярэднім памер дзюбы павялічыўся за гэты час на 8%, макісмум – да 12%, як і памер цела птушак.
Чаму так адбылося, зразумела: маладыя птушкі з большай дзюбай падтрымліваліся натуральным адборам з-за таго, што маглі больш паспяхова харчавацца новым інвазійным відам смаўжоў, які ад 2 да 5 разоў буйнейшы за мясцовы від і тым самым павялічвалі імавернасць свайго выжывання ў крытычна важны першы год жыцця. Большая маса інвазійных смаўжоў давала магчымасць маладым птушкам расці хутчэй і дасягаць большых памераў, а потым перадаваць свае перавагі патомкам.
Праз 13 гадоў пасля пачатку інвазіі чужародных смаўжоў у Фрарыдзе колькасць каршуноў там павялічылася амаль у тры разы і цяпер ацэньваецца ў больш, чым 2 тысячы птушак!
Зусім нечакана навукоўцы атрымалі добры прыклад эвалюцыі і надзею на тое, што як мінімум некаторыя віды жывёл могуць паспяхова выжыць пад час хуткіх зменаў свайго асяроддзя.
Паводле www.nytimes.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.neotropical.birds.cornell.edu
На гэтую тэму:
Хуткія змены ў ізаляванай папуляцыі сцярвятніка
МСАП (IUCN) прапануе нарэшце скласці Чорны спіс інвазійных відаў
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак
Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты
“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай
ВЫНІШЧЫЦЬ АДНЫХ ПАПУГАЯЎ КАБ ЗАХАВАЦЬ ІНШЫХ
ПРАГРАМА ПА ВЫНІШЧЭННІ ІНТРАДУКАВАНЫХ У ШТАТАХ ЛЕБЕДЗЯЎ-ШЫПУНОЎ ВЫКЛІКАЛА СПРЭЧКІ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ