Чаму сучасныя птушкі страцілі зубы? Ці для таго, каб галава была лягчэйшай у палёце і цэнтр цяжасці быў размешчаны бліжэй да сярэдзіны цела? Ці завостраная дзюба без зубоў больш зручная для здабычы чарвякоў і іншых безхрыбетных у параўнанні з зубатымі сківіцамі продкаў-дыназаўраў? Вельмі магчыма, што гэтыя карысныя для птушак здабыткі ўсё ж не былі першаснымі.
Новая гіпотэза, якую нядаўна апублікавала міжнародная каманда навукоўцаў з універсітэту Бонна (ФРГ), кажа пра больш важную прычыну, якая магла б адразу быць падтрымана натуральным адборам і не толькі ў птушак з актыўным палётам ці тых, якія харчуюцца безхрыбетнымі.
Паводле іх публікацыі, знікненне зубоў дазволіла птушкам моцна скараціць час эмбрыянальнага развіцця – і, адпаведна, знаходжання і інкубацыі эмбрыёна ў яйку. У параўнанні з некалькімі месяцамі, якія праводзілі эмбрыёны дыназаўраў унутры яйка, сучасныя віды птушак патрабуюць на развіццё да вылуплення толькі некалькі тыдняў або нават дзён.
Так атрымліваецца з-за таго, што эмбрыёны могуць не чакаць на параўнальна доўгае развіццё зубоў – кажуць Цу-Руэі Янг (Tzu-Ruei Yang) і Марцін Сандэр (Martin Sander). А пакуль эмбрыён знаходзіцца ў яйку, ён больш падвержаны небяспецы з боку драпежнікаў ці іншых прыродных неспрыяльных фактараў.
Гэта павінна быць важна для змяншэння эмбрыянальнай смяротнасці ў яйкакладучых – дыназаўраў і птушак, бо ў большасці сучасных відаў млекакормячых эмбрыён(ы) знаходзіцца пад абаронай унутры цела маці.
Аўтары папярэдніх гіпотэз лічылі, што асноўнай прычынай адсутнасці зубоў у сучасных відаў птушак ёсць аблягчэнне галавы, якое дапамагае больш стабільнаму і хуткаму палёту. Аднак новая гіпотэза не можа растлумачыць, чаму некаторыя непродкавыя для птушак таксоны дыназаўраў таксама мелі бяззубыя сківіцы-дзюбы. Гэта таксама тычыцца і чарапах, у якіх – не гледзячы на адсутнасць зубоў – развіццё у яйку працягваецца параўнальна доўгі час.
Янг і Сандэр распавялі журналістам, што здагадка прыйшла да іх у мінулым годзе пасля знаёмства з навуковым артыкулам у якім знайшлі, што эмбрыёны нелятаючых відаў дыназаўраў патрабавплі нашмат больш часу для развіцця, чым думалі даэтуль: насамрэч ад трох да шасці месяцаў.
Хуткая інкубацыя давала раннім птушкам і некаторым відам дыназаўраў перавагі, аднак для гэтага ім прыйшлося перайсці да інкубацыі яек уласным цяплом і ў адкрытых гнёздах замест інкубацыі цяплом навакольнага асяроддзя ў “падземных” гнёздах.
Крыніца:
The origin of the bird's beak: New insights from dinosaur incubation periods, Biology Letters, rsbl.royalsocietypublishing.or … .1098/rsbl.2018.0090
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак усходняга салаўя Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак
Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу
Трапічныя птушкі наседжваюць даўжэй, каб абараніцца ад паразітаў?
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ