КАНСТАНЦІН ТЫЗЕНГАЎЗ (1786-1853) – ПАТРЫЁТ І ЗАСНАВАЛЬНІК БЕЛАРУСКАЙ АРНІТАЛОГІІ

Граф Константин Тызенгауз (1786 – 1853) почти всю жизнь прожил на территории сегодняшней Беларуси. Увлекшись птицами, ученый именно в орнитологию внес наиболее значительный вклад, написав и собственными руками проиллюстрировав несколько фундаментальных монографий, которые носили не только компилятивный характер, но и основывались на долговременных исследованиях самого автора и большой коллекции шкурок птиц cо всего мира, собранной К.Тызенгаузом в своем дворце в Поставах. Именно с его научных работ можно вести отсчет  белорусской орнитологии.

Вінчэўскі Дз.Я., Вінчэўскі А.Я.

Род Тызенгаўзенаў (de Tysenhusen, von Tysenhausen) вядомы з XII ст. з мястэчка Tisenhusen, якое знаходзілася паміж Нінбургам і Holtorf у Ніжняй Саксоніі [1]. Паводле іншай версіі, род паходзіць з Гальштыніі [2]. Дзякуючы крыжовым паходам на ліваў, прадстаўнікі роду ўжо ў ХІІІ ст. апынуліся ў Інфлянтах (на тэрыторыі сучаснай Латвіі і Эстоніі), а некаторыя з іх у першай палове ХVІІ ст. былі вымушаны перасяліцца у Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ), дзе скарацілі сваё прозвішча да “Tyzenhauz” (Тызенгаўз) [2].

Герб Тызенгаўзаў "Буйвал". З Крукоўскі У. Срэбная страла ў чырвоным полі. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў. Мн.: "Літ. і мастацтва"  -2010, - 135 С.


Граф Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. у родавым маёнтку Жалудок (што пр. ў 100 км на ўсход ад Гродна). Бацька – Ігнацы Тызенгаўз – генерал і шэф Літоўскай гвардыі, кавалер ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава, да якіх потым дадаўся Залаты крыж Ганаровага легіёну [3]. Камандзір Гродзенскага гарнізону (?) на момант антырасійскага паўстання Касцюшкі 1794 г., за актыўны ўдзел у ім (?) ён правёў не менш за год у высылцы ў Казані [4]. Пасля ўступлення ў 1812 г. на тэрыторыю ВКЛ напалеонаўскіх войскаў і ўтварэння Часовага Ураду ВКЛ, быў яго чальцом [4].

Ігнацы Тызенгаўз. З партрэту W.Lesseur`a.

Цікава адзначыць, што да нашага часу ў Жалудку захаваліся муры і вежа невялікага замка, дзе Канстанцін нарадзіўся і правёў першыя гады жыцця [5, 6].

Здымак невялікага замку ў Жаладку, ў якім між іншым нарадзіўся  Канстанцін Тызенгаўз. Здымак да 1939 г. з R.Aftanazy (1993)


Пачатковую адукацыю Канстанцін атрымаў у Варшаве, а пасля працягнуў яе ў адноўленым у 1803 г. Віленскім універсітэце [7, 8].  На факультэце фізікі і матэматыкі на момант вучобы К. Тызенгаўза было 3 кафедры: заалогіі, батанікі і мінералогіі [9]. У гэты час ва ўніверсітэце навучаліся каля 300 студэнтаў [8] і выкладалі выдатныя біёлагі. На медычным факультэце працаваў праф. ветэрынарыі Людвіг Гайнрых Баянус – адзін з першых эвалюцыяністаў, вучань Кюв’е [8]. Акрамя выдатных анатамічных даследаванняў чалавека, ён таксама займаўся параўнаўчай анатоміяй іншых жывёлаў – як хрыбетных, так і безхрыбетных [10]. На фізіка-матэматычным факультэце праф. Станіслаў Баніфацы Юндзіл выкладаў батаніку і заалогію [10]. Хаця ён збольшага быў выдатным батанікам, які прысвяціў свае кнігі розным аспектам гэтай навукі, былі ў яго навуковыя публікацыі і па заалогіі, а ў 1807 г. выйшла першае выданне яго падручнікаў па заалогіі для школ "Zoologia krótko zebrana" ў трох тамах, у якой другі том быў прысвечаны выключна птушкам (Cz.II: Ptastwo. (ч. ІІ “Птаства”) [16, 10]. Менавіта яму К.Тызенгауз прысвяціў сваю першую кнігу “Zasadу ornitologii albo nauki o ptakach” (1841) (“Асновы арніталогіі, навукі аб птушках”) [12]. Хутчэй за ўсё пад уплывам дзейнасці праф. Юндзіла К.Тызенгаўз вырашыў прысвяціць сябе арніталогіі.

Тытульны аркуш першай кнігі Канстанціна Тызенгаўза "Асновы арніталогіі..." (Вільня, 1841). З калекцыі Юзафа Зямчонка.


Як патрыёт ВКЛ, разам з братам Рудольфам (які сфармаваў і ачоліў конна-артылерыйскую роту), К.Тызенгаўз часткова за свае грошы сфармаваў і ачоліў з прысваеннем звання палкоўніка 19ты пяхотны полк у складзе французскай арміі і прыняў самы актыўны ўдзел у вайне з Расіяй [1], за што 10.09.1813 атрымаў Крыж Ганаровага легіёну [7].

Палкоўнікі войска ВКЛ Канстанцін і Адольф Рудольф Тызенгаўзы. Канстанцін у вайсковым мундуры. З партрэтаў Яна Рустэма.

Пад час вымушанай эміграцыі ў Францыі ў 1814 г. Канстанцін засвоіў новы метад прэпаравання птушак з дапамогай ніткі, якую засоўвалі праз дзюб і потым з поспехам выкарыстоўваў яго пад час папаўнення сваёй калекцыі [7].
Пасля вяртання на Радзіму (якое адбылося хутчэй за ўсё ў 1815 г. [1, 11]), ён атрымаў ад бацькі графства Паставы і навакольныя фальваркі [3], дзе дабудаваў палац і пачаў з дапамогай амаль усіх сваіх падданых, а таксама прэпаратара Міхала Скіндэра ствараць сваю знакамітую заалагічную калекцыю [1, 7].

Сучасная рэканструкцыя палаца Тызенгаўзаў пр. на сяр. ХІХ ст. З музейнага пакою К.Тызенгаўза у Пастаўскай раённай бальніцы. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага.

Акрамя адмыслова зладжаных для гэтага шматлікіх экспедыцый па тэрыторыі Беларусі, ён наведвае Украіну, Бесарабію, узбярэжжа Чорнага мора, а таксама ладзіць паездкі за межы Расійскай імперыі ў музеі Дрэздэна, Мілана, Венецыі, Парыжа, Вены, Берліна і Варшавы [13]. Такім чынам, за паўстагоддзя К.Тызенгаўз сабраў у сваім пастаўскім палацы вялізарную калекцыю з 3000 скурак птушак з усяго Свету, а таксама шмат птушыных яек [13].
У 1831 г., калі лістападаўскае антырасійскае вызвольнае паўстанне з Польшчы пашырылася на заходнюю частку Беларусі, К.Тызенгаўз дапамагаў паўстанцам грашыма, узбраеннем і кантаністамі [18], за што быў арыштаваны і зняволены ў Дынабургу, Менску і Вільне [7]. На шчасце для навукі, яму атрымалася адкупіцца ад Следчай камісіі. 


Заалагічныя публікацыі Тызенгаўза маюць выражаны эколага-фауністычны характар. З 1830-х гг. ён апублікаваў каля 50 навуковых артыкулаў і кніг на польскай, лацінскай, французскай і нямецкай мовах [7], большасць з якіх прысвечаны птушкам і не страцілі свайго значэння і дагэтуль – найперш як дэталёвыя звесткі пра склад і стан тагачаснай фауны Беларусі і некаторых суседніх краін [13]. Цікава, што менавіта Тызенгаўз фактычна першым звярнуў увагу на сінантрапізацыю асобных папуляцый птушак, параўноўваючы месцы гнездавання вялікага галуба (Columba palumbus) у гарадах Францыі і лясах Беларусі [14]. 
А. Фядзюшын і М. Долбік у сваёй фундаментальнай працы «Птицы Белоруссии» (1967) [15] узгадваюць вядомых ім навукоўцаў, якія вывучалі арнітафауну на тэрыторыі нашай краіны да сярэдзіны ХІХ ст. Гэта Г. Жанчынскі (публікацыя ў 1742), Э. І. Эйхвальд (1830) і К. Тызенгаўз. З іх толькі Тызенгаўз пісаў працы, прысвечаныя выключна птушкам, уключна з фундаментальнымі кнігамі (гл., напр., [12]).

Тытульны аркуш першага тому трохтомнай працы Канстанціна Тызенгаўза "Агульная арніталогія..." (Вільня, 1843-46).

Ён указаў на знаходжанне на Палессі такіх рэдкіх цяпер відаў, як рыжая чапля (Ardea purpurea), колпіца (Platalea leucorodia), нырок-свірок (Melanitta fusca), гогаль (Bucephala clangula) і ружовы пелікан (Pelecanus onocrotalus) (цыт. па [[15]), барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa) ў наваколлі Паставаў [13]. Цікава, што тыя ж аўтары “Птиц Белоруссии” [15] крытыкавалі К. Тызенгаўза за «памылковыя» звесткі аб гнездаванні ў Беларусі сярэдняга кулёна (Numenius phaeopus) і вялікага баклана (Phalacrocorax carbo), што ў 1960-я гады было цяжка ўявіць. Аднак сучасныя даследчыкі ўнеслі яснасць у гэтую завочную спрэчку: сярэдні кулён аказаўся рэгулярна гняздуючым, хаця і рэдкім відам на нашых мохавых балотах [17], і, хутчэй за ўсё, гнездаваў на іх і ў ХІХ ст. Вялікі баклан з канца 1980-х гадоў пачаў новую хвалю засялення Беларусі [17] і цяпер даволі звычайная птушка на многіх вадаёмах, што пацверджвае магчымае гнездаванне віду на Палессі ў часы Тызенгаўза.
Ва ўзросце 66 гадоў К. Тызенгауз памёр ад хваробы ў сваім пастаўскім палацы 28 сакавіка 1853 г. Цяпер часткі яго калекцый захоўваюцца ў заалагічных музеях Вільнюса і Каўнаса (Літва), а таксама ў Дарвінаўскім музеі Масквы (Расія) [19]. Каля пастаўскага палацу Тызенгаўзаў у 2006 г. удзячнымі нашчадкамі ўсталяваны помнік вучонаму, а на касцёле ў Жалудку ў 2007 г. адкрыта памятная дошка.

Помнік Канстанціну Тызенгаўзу ў Паставах. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага.

Спіс  літаратуры
1. Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853). Да 220 годдзя з дня народзінаў // Состояние и перспективы охраны животного мира Гродненской области и сопредельных территорий: сб. мат. II Гродненской обл. открытой зоологической конференции учащихся, посв. 220-летию со дня рождения Константина Тызенгауза (17.19.02.2006 г., г. Гродно) / ред. кол.: Д. Е. Винчевский, В. С. Гуменный, А. В. Рыжая. – Гродно, 2006. – С. 5-23.
2. Koscialkowski S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi Nadworny Litewski. L: Stefan Batory University. – 1970 – 686 p.
3. Szymielewicz M. Szkice do monografii Zoludka. Ziemia lidzka 8 – 1937. Доступ: www.angelfire.com/un/zl/zl/2004_64/7.html
4. Шуазель-Гуфье С. Исторические мемуары об императоре Александре и его дворе. // Державный сфинкс. История России и дома Романовых в мемуарах современников XVII-XX. М.: Фонд Сергея Дубова, 1999. С.235-384
5. Albert Czetwertyński – асабістае паведамленне
6. Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczpospolitej. Wilno: Ossolineum – 1993
7. Ziemczonok J. Konstanty Tyzenhauz 1786-1853. Uczony. Mecenas. W-wa: Katedra Bialorut. Uniw. Warszawskiego. 2007. – 138 р.
8. Venclova Т. Four Centuries of Englihtenment. A Historic View of the University of Vilnius, 1579-1979. Lituanus – 27 (1)-1981 Доступ: http://www.lituanus.org/1981_2/81_2_01.htm
9. Paludiene G. Foundation of Department of Mineralogy at Vilnius University and its activities 1803-1832. Geologija (Vilnius) – 43-2003, p. 3-11 Доступ: http://images. katalogas.lt/ maleidykla/geol43/G-03.pdf
10. Вінчэўскі Дз. Манах, які вучыў любіць і ведаць прыроду. Пра Станіслава Баніфацыя Юндзілла (1761 – 1847) і 200-годдзе першых падручнікаў па заалогіі для школ Беларусі яго аўтарства. // Состояние и перспективы охраны животного мира Гродненской области и сопредельных территорий: сб. мат. III Гродненской обл. открытой зоологической конференции учащихся, посв. 200-летию издания проф. С.Б.Юндиллом первых учебников зоологии для школ Беларуси (16-18.02.2007 г., г. Гродно) / ред. кол.: Д. Е. Винчевский, В. С. Гуменный, А. В. Рыжая. – Гродно, 2007. – С. 5-25.
11. Радзюк А. Канфiскацыя прыватнай уласнасцi ў Беларусi ў канцы ХVIII–першай трэцi ХIХ стст. БелГістЧасопіс 6-2002
12. Tyzenhauz K. Zasadу ornitologii albo nauki o ptakach. – Wilno: druk J.Zawadzkiego – 1841. – 165p.
13. Грычык В. З гісторыі заалагічных даследаванняў Беларусі: Канстанцін Тызенгаўз. Біялогія: праблемы выкладання. – 1996. – С. 23-29.
14. Ludwik Tomiałojć – асабістае паведамленне
15. Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии. – Мн., 1967. – 519 с.
16. Jundziłł X.B.S. Zoologia krótko zebrana. Cz.II: Ptastwo. Wilno: Druk. J.Zawadzkiego, 1807. –  302 p.
17. Никифоров М.Е., Козулин А.В., Гричик В.В., Тишечкин А.К. Птицы Беларуси на рубеже ХХI века. – Мн.: изд. Королёв, 1997.
18. Гарбачова В.В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі: бібліягр. слоўн. Мн.: Выд. цэнтр БДУ. – 2006. – 400 с.
19. Зямчонак Ю. Арніталагічныя калекцыі Канстанціна Тызенгаўза. Птушкі і Мы. 1 (18). – 2011. – С. 18-19.

Konstanty (Каnstancin) Tyzenhauz (1786 – 1853) spent almost all his life on the territory of present Belarus. The scientist was fond of birds and had considerable contribution in ornithology, having written and illustrated some fundamental books and many articles (in total around 50) on basis of which Belarusian as well as Polish ornithology actually was developed.


Апублікавана:
Вінчэўскі Дз.Я., Вінчэўскі А.Я. Канстанцін  Тызенгаўз  (1786-1853) – патрыёт і заснавальнік беларускай арніталогіі. // Мат. VII межд. научно-практ. конф. “Актуальные проблемы экологии” Гродно, 26-28.Х. 2010. Гродно: ГрГМУ- 2011, с. 3-5

Партрэт Канстанціна Тызенгаўза з гравюры Грэнье. З калекцыі Юзафа Зямчонка.

На гэтую тэму:
Прэмія АПБ імя Канстанціна Тызенгаўза для маладых арнітолагаў

МАНАХ, ЯКІ ВУЧЫЎ ЛЮБІЦЬ І ВЕДАЦЬ ПРЫРОДУ. ДА 250-ЦІ ГОДДЗЯ СТАНІСЛАВА БАНІФАЦЫЯ ЮНДЗІЛА (1761 – 1847)

Памяць праф. С.Б. Юндзіла (1761-1847) ушанавалі ў Шчучыне


 

Comments

UPD Выпадкова знайшоў новае пацверджанне ўдзелу Ігнацыя Тызенгаўза (бацькі Канстантына) у анцірасейскім паўстанні 1794 г:

"...у спісе Рэвельскага пяхотнага палка за 01.01.1795 г. запісана, што 27-гадовы пакоўнік Дзмітрый Андрэевіч Закрэўскі разам з 30-гадовым секунд-маёрам Апалонам Сцяпанавічам Жамчужнікавым 8 красавіка па загаду Паўла Цыцыянава з 2 ротамі грэнадзёраў палка і эскадронам Інгермландскага карабінернага палка захапілі ў Гродна "без огласки" аднаго з удзельнікаў паўстанцкай змовы Ігнація Тызенгауза."

Я. Анішчанка "Імем Айчыны. Дакумнты паўстання 1794 г. у Літоўскай правінцыі" Мн. - выдавец Віктар Хурсік, 2004, с.8