У Гродна два дні размаўлялі пра сокала-пустальгу і дапамогу птушкам у нашых гарадах

Не сакрэт, што сокал-пустальга (Falco tinnunculus) застаецца адзіным відам нашых птушак, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і штогод гняздуе ў будынках у многіх нашых гарадах. З гэтым звязаны не толькі перавагі для віда, але і праблемы. Менавіта абмеркаваць іх і магчымыя рашэнні з карысцю для гэтых рэдкіх птушак і людзей і збіраліся на працягу двух дзён прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых у гэтым арганізацый: Гродзенскага і Брэсцкага абласнога аддзяленняў АПБ, Гродзенскага абласнога камітэту Мінпрыроды, Гродзенскага заалагічнага парка і гарадзкіх ЖЭСаў, а таксама кафедры заалогіі і ФЧЖ ГрДзУ.

На пачатку абодвух семінараў слова браў Аляксандр Адаменка, начальнік аддзела абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і вельмі даходліва тлумачыў, чаму працаўнікі нашых камунальных службаў не могуць самі вырашаць праблемы з дзікімі птушкамі і іншымі жывёламі, а таксама паводле новага заканадаўства павінны ім дапамагаць, калі тыя трапяць у бяду. Паводле разлікаў на прыкладзе пустальгі выходзіла, што штраф за яе незаконнае знішчэнне ажно 105 базавых велічынь! Гэта не толькі вялізарная сума, але і магчымасць завесці на вінаватага нават крымінальную справу. Акрамя гэтага, ён адказаў на шматлікія пытанні прысутных:

Потым пра працэдуру прыёма і рэабілітацыі параненых дзікіх птушак у Гродзенскі заапарк дэтальна распавёў Віталь Гуменны, намеснік дырэктара гэтай установы. Яго выступленне таксама выклікала мноства пытанняў.

І першы, і другі выступоўцы заклікалі заўсёды для вырашэння праблем, звязаных з дзікімі жывёламі ў горадзе паведамляць пра іх спецыялістам-прыродаахоўнікам і навукоўцам. А што з праблемамі, звязанымі з дзікімі птушкамі ў горадзе прадстаўнікі ЖЭСаў сустракаюцца рэгулярна, паказала праведзенае на семінарах анкетаванне.

Для таго, каб лепш уяўляць пра каго менавіта адбываецца размова, прысутным быў паказаны навукова-папулярны фільм "Сокал над горадам" рэж. Ігара Бышнёва. Фільм не толькі прыгожа паказаў асаблівасці жыцця віду, але і абмаляваў дзеянні навукоўцаў па яго вывучэнні і ахове ў нашых гарадах:

Аляксандр Мініч, арнітолаг і прадстаўнік Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ прадставіў гісторыю і сённяшні дзень самай вялікай у нашай краіне гарадзкой папуляцыі сокала-пустальгі ў Брэсце. Аказалася, што першая рэгістрацыя гнездавання сокалаў у нашых гарадах адбылася менавіта тут яшчэ ў 1984 годзе, а штогадовы маніторынг колькасці гняздуючых пар выглядае наступным чынам:

Хаця ў Гродна першыя назіранні гняздуючых менавіта ў горадзе сакалоў вядомыя толькі з пачатку нашага стагоддзя і папуляцыя віда тут не перавышае 20-25 пар, праблемы ў віда аказаліся аналагічныя брэсцкім: частка пар выбірае замалыя для паспяховага выгадоўвання птушанят гнездавыя нішы і часам падрослыя птушаняты вывальваюцца з іх з рознымі - часта смяротнымі для сябе - паследствамі. Пра гэтую праблему падрабязна распавёў Дзьмітры Вінчэўскі, арнітолаг, прадстаўнік Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ і кафедры заалогіі і ФЧЖ мясцовага ўніверсітэту. 

Вось так выглядае замалая гнездавая ніша з птушанятамі да нашага ўмяшальніцтва:

 А вось прапануемае рашэнне праблемы: знутры будынка мы прыстаўляем загадзя падрыхтаваную гнездавую скрыню, якая значна павялічвае прастору для птушанят і рэзка змяншае іх шанцы выпасці з апошняга паверху шматпавярховага дому:

Для таго, каб даведацца пра падобную праблему і знайсці канкрэтную вентыляцыйную адтуліну, ў якой загнездавалі сокалы, часта патрабуецца шмат часу. Таму вельмі важна наладзіць супрацоўніцтва і з камунальнымі службамі, і з мясцовымі жыхарамі, якія могуць - і падказваюць! дзе гняздуюць у іх дамах пустальгі.

Для гэтага таксама ў рамках міні-праекту былі выпушчаныя буклеты з нашымі каардынатамі ў Гродна і Брэсце, прыгожыя налепкі з птушкамі, якія дапамогуць прыцягнуць увагу да сакалоў у нашых гарадах.

А на тых будынках у Гродна і Брэсце, дзе мы ведаем пра выпадкі гнездавання пустальгі, будуць размешчаныя вось такія таблічкі, якія ў выпадку праблемы з птушанятамі дапамогуць жыхарам аператыўна паведаміць нам пра іх:

І тады, магчыма, будзе менш праблем не толькі ў птушак, але і ў людзей.

Міні-прект па дапамозе сокалу-пустальзе ў нашых гарадах быў падтрыманы “Зялёнай сеткай”, за што мы вельмі ёй удзячныя.

Дзьмітры Вінчэўскі, фота аўтара

 

На гэтую тэму:

Надзеі і вынікі, або падзеі вакол адной пустальжынай скрыні ў Гродна + VIDEO

Гісторыі гарадзенскіх сакалоў: шчаслівыя і не вельмі

У Горадні гняздуе самка пустальгі з Польшчы

Як мы ратавалі пустальгу ў касьцёле

Як мы ратавалі пустальгу ў касьцёле. Частка другая, шчасьлівая

Пустельга на гродненской телевышке: правда и вымысел.

Пустальга на "Азоце"

Сокал-пустальга выходзіць на вялікі экран

Сокал-пустальга будзе Птушкай 2010 года

 

 

 

Comments

Вось у адным месцы самыя цікавыя гнездавыя месцы пустальгі ў Гродна з нашых матэрыялаў па спасылках пад гэтым артыкулам: http://grodno.greenbelarus.info/articles/02-12-2015/samye-neobychnye-gnezda-pustelgi-v-grodno

araty ёсць гарадская папуляцыя, якая гняздзіцца на будынках/штучных нішах, а ёсць лясная - на дрэвах. Лясная ў нас амадь вымерла, некалькі гнёзд вядома толькі ў Мачулішчах пад Мінскам, у гнёздах гракоў. Павесь хоць 10 скрынак на дрэвах, птушкі хутчэй за ўсё іх не замуць. Трэба вешаць скрыню на будынку ці стоўпе. imho