Новы для Беларусі від птушак – камчацкая чайка (Larus schistisagus) – адзначаны ў Гродна

У сераду, 26 снежня, ў самым цэнтры гораду Гродна на р. Нёман атрымалася не толькі ўбачыць, але і зрабіць фота і відэа здымкі новага для Беларусі віду птушак – камчацкай чайцы (Larus schistisagus), якая заляцела да нас з Далёкага Ўсходу Расіі або нават з Аляскі!

Падчас шпацыру па набярэжнай Нёмана ў самым цэнтры г.Гродна Дзьмітры Вінчэўскі, рэдактар сайту www.birdwatch.by , заўважыў параўнальна вялікую чайку з цёмным верхам крылаў і спіны. Яна трымалася супрацьлеглага берагу і з-за гэтага атрымалася зрабіць толькі некалькі яе здымкаў здалёк.

Пасля іх прагляду на кампутары і параўнанні з малюнкамі ў вызначальніку птушак Еўропы яна была вызначана (памылкова) як марская (Larus marinus). Марскія чайкі не кожны год адзначаюцца ў нашай краіне, хаця і гняздуюць параўнальна недалёка – на поўначы Еўропы і ў Скандынавіі, тым больш гэта была б першая рэгістрацыя віду ў Беларусі ў зімовы час. Таму пасля тэлефонных званкоў, разам з Сяргеем Саковічам, студэнтам гарадзенскага біяфаку і мясцовым бёдуотчарам, а таксама трубамі, яны вырушылі паглядзець на незвычайную для нашых мясцін птушку.

Чайка трымалася ракі каля старога маста, і каб да яе пастаянна не назаляліся шэрыя вароны, пералятала на некалькі сотняў метраў то ўніз, то ўверх па плыні ракі. Пад час яе адпачынку на беразе ці лёдзе атрымалася не толькі зрабіць яшчэ некалькі дакументацыйных здымкаў, але і некалькі відэа.

Нарэшце, пасля чарговых спробаў варон наблізіцца да яе, чайка не вытрымала і адляцела больш за кіламетр ўверх па плыні Нёмана, дзе села на ледзяной касе ў атачэнні качак. Пад час гэтага яе пералёту і непасрэдна перад ім яе змог сфатаграфаваць з невялікай адлегласці яшчэ адзін гарадзенскі бёдуотчар і фотаанімаліст Мікалай Гулінскі. Чацвёртай асобай у нашай краіне, якой пашчасціла назіраць гэтую чайку, стаў Яўген Сліж, мадэратар сайту birdwatch.by . Аднак даволі здалёк і толькі праз трубу.

Невялікія сумненні наконт правільнасці вызначэння чайкі заставаліся, аднак найбольш характэрных рысаў пасавала да марской чайкі. Гэтак падпісаныя, яе здымкі і відэа былі размешчаныя ўвечары серады на сайце birdwatch.by: http://birdwatch.by/naziranni/5469 

Спасылкі на іх, між іншым, былі пасланыя польскім калегам, якія на наступны дзень увечары даслалі свае сумневы і правільна вызначылі птушку як выпадкова залётны ў Еўропу від – камчацкую чайку! Дзякую Томашу Кулакоўскаму, прэзідэнту Польскага таварыства аховы птушак (РТОР) за пільнасць!

Камчацкая чайка – чацвёртая па памерах чайка ў свеце, гняздуе на заходнім узбярэжжы Аляскі, на далёкаўсходнім узбярэжжы і астравах Расіі, дзе адзначана павелічэнне яе колькасці (напрыклад, у Магадане некалькі год від гняздуе нават на дахах будынкаў). Пасля сезону гнездавання чайкі разлятаюцца далёка ад месцаў гнездавання.  

Аднак у нашым зоагеаграфічным рэгіёне Заходняй Палеарктыкі яна адзначана пакуль нячаста – толькі 4 разы. Наша рэгістрацыя – гэта толькі пяты выпадак!  Першая рэгістрацыя віду ў Еўропе адбылася пад час залёту таксама дарослай птушкі, якая з 17 лістападу 2008 па красавік 2009 лятала па звалках Латвіі і Літвы.   Другая рэгістрацыя камчацкай чайкі адбылася амаль праз два гады ў Вялікабрытаніі, дзе 13 студзеня птушка таксама была адзначана на звалцы ў межах Вялікага Лондану і трымалася паблізу гэтага месца да пачатку лютага. Наступны, трэці раз, від быў заўважаны 14 мая 2012 у Ісландыі.  Перадапошняя, чацвёртая рэгістрацыя амаль даролай, і, значыць, іншай, чым наша, птушкі, была зроблена таксама сёлета, 3 лістапада ў Фінляндыі. Такім чынам наша камчацкая чайка – пятая для Заходняй Палеарктыкі!

Пасля ўнесеных на сайт правак і рассылкі інфармацыі пра незвычайнае назіранне, колькасць штодзённых наведвальнікаў на сайце за вечар павялічылася больш, чым у сем разоў - з сярэдніх 150 да амаль 1100 чалавек! Цікава, колькі іх будзе глядзець здымкі і відэа далёкаўсходняга віду ў бліжэйшыя дні, калі навіна з’явіцца на найвялікшых парталах бёдуотчараў…

Каб не візавы бар’ер і навагоднія святы, магчыма наш горад на Нёмане мог бы стаць Меккай для замежных бёдуотчараў, бо невядома колькі чайка прабудзе ў нас і калі заляціць у Еўропу наступны раз.

Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by Здымкі Мікалая Гулінскага

Comments

Молодцы, ребята! Это такой подарок и себе,  и другим, кто ещё успеет её увидеть, к Новому году приготовили.

Всех с Праздниками. И новых интересных наблюдений и открытий в Новом году!

Дзякуй за віншаваньні! Сапраўды, атрымалася зусім нечакана. Ўсім нашым карыстальнікам (і не толькі) таксама новых відаў і цікавых сустрэч са "старымі" ў Новым годзе!

 Навіна пачынае пашырацца і ў Беларусі: зранку пра нашу знаходку зьняло сюжэт Гарадзенскае ТБ, у абед - ОНТ, я ўжо даваў каментар Эўрарадыё і моладзеваму радыё Твой стыль:

http://t-styl.info/by/114/news/9413/Арніталагічная-сенсацыя-ў-Гродне.htm   

 Сёньня зранку ў нас сонейка і невялікі марозік. Чайку мы разам з Сяргеем Саковічам бачылі прыкладна ў 10:25 ізноў у цэнтры гораду - яна праляцела прыкладна ад цэнтральнага пляжу да вусця Гараднічанкі, але на вялікай вышыні і троху ўбаку ад ракі. Далейшыя пошукі пакуль ні да чаго не прывялі. Але птушка застлася - значыць, шанцы яе ўбачыць як мінімум ў бліжэйшы час ёсьць - запрашаем зрабіць сабе новагодні падарунак усіх вас!

Увечары выкладу больш відэа і здымкаў чайкі, зробленых 26-12 і сёньня - але сёньня толькі краявіды Нёмана і месцаў, дзе была чайка.

Сёння а 15.30 чайка праляцела каля Новага Замка ў бок Пышкоў у суправаджэнні 2 шэрых варон. Дарэчы, варон ля Нёмана вельмі шмат, беднага канюха ледзьве не задзяўблі. 

Чайку назіраў не толькі я, але і мая сям'я, праўда Сцёпа ў гэты час спаў.

 А вось рэпартаж па АНТ пра чайку.