Апошнія змены ў складзе авіфауны Польшчы

   Больш за месяц таму (на пачатку снежня мінулага году) адбылося паседжанне Фауністычнай камісіі Орніталагічнай секцыі Польскага заалагічнага таварыства (Komisji Faunistycznej Sekcji Ornitologicznej Polskiego Towarzystwa Zoologicznego), пад час якога было разгледжана 391 апісанне рэгістрацый птушак са Спісу рэдкасцяў.

    Акрамя новых, Камісія перагледзела свае папярэднія рашэнні наконт зацверджання рэгістрацый пярэстага дразда (Zoothera dauma), а таксама паўночнаамерыканскай качкі - пярэстадзюбага свірка (Melanitta perspicillata). Ў абодвух выпадках вызначэнне было прызнанае няпэўным. Такім чынам, пярэстадзюбы свірок быў выкрэслены са Спісу птушак Польшчы.
Аднак у Спіс былі ўключаны два новых для Польшчы віды: малы буравеснік Puffinus puffinus і даўгадзюбы бакасападобны грыцук Limnodromus scolopaceus з Паўночнай Амерыкі. Да іншых цікавых зацверджаных рэгістрацый можна аднесці трэцяе назіранне амерыканскага свірка Melanitta americana і алтайскай пячураўкі Phylloscopus humei. Цікавай неспадзяванкай стала рэгістрацыя люрыка Alle alle на Zegrzyńskim канале ў Мазавецкім ваяводзтве.
 

Пасля зменаў Спіс птушак Польшчы на 2010 год налічвае 448 відаў.
 

Ад пачатку гэтага году ўведзены некаторыя змены ў зацверджанне рэгістрацый некаторых відаў, такім чынам:
- цяпер не трэба зацверджваць у Авіфауністычнай камісіі выпадкі гнездавання лебедзя-клікуна Cygnus cygnus, чорнагаловай чайкі Larus melanocephalus, белакрылай рыбачкі Chlidonias leucopterus і шчуркі-пчалаедкі Merops apiaster;
- у адносінах назіранняў  качкі-огара Tadorna ferruginea, сірыйскага дзятла Dendrocopos syriacus і жоўтагаловай пліскі Motacilla citreola трэба зацверджваць праз камісію толькі выпадкі гнездавання (у дзятла з абмежаваннямі тэрыторыі);
- для чайкі-бургамістра Larus hyperboreus трэба пацверджваць рэгістрацыі толькі па-за балтыйскім узбярэжжам;
- для зялёнай пячураўкі Phylloscopus trochiloides неабходна падаваць на разгляд камісіі толькі назіранні з па-за Паморскага, Вармінска-Мазурскага і Падляскага ваяводзтваў, аднак выпадкі гнездавання – з усёй краіны.
Наступнае паседжанне Камісііі адбудзецца ўжо сёлета вясной.


Здымак даўгадзюбага бакасападобнага грыцука з www.eol.org
Паводле Komisji Faunistycznej праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments