Дакументацыйныя здымкі
У зусім невялічкім і напалову засыпаным неглыбокім яры, які вядзе ад нашага дома ў бок недалёкага Нёмана, я дагэтуль яшчэ не сустракаў соек (Garrulus glandarius). Хаця месца там цікавае і час ад часу прыемна здзіўляе то шэрай курапаткай, то зайцам-шараком, то белагрудым вожыкам. Пра вераб'іных птушак і не кажу: розныя віды сініц і палявыя вераб'і там ядуць і адпачываюць рэгулярна, а побач спяваюць і гняздуюць звычайная рудахвостка, і еўрапейскі ўюрок, і леска-завірушка.
Таму сойка, якая толькі што прыляцела туды, адразу прыцягнула маю ўвагу. І не дарма - яна хутка спусцілася з дрэваў на схіл яра і аказалася, што трымае ў дзюбе жолуд.
Здольнасць ці нават любоў гэтых птушак да жалудоў добра вядомая і сам я не аднойчы назіраў як сойкі збіраюць і адносяць прыхоўвываць іх на 'чорны дзень', а вось як і дзе хаваюць я яшчэ не бачыў.
Аднак увесь працэс адбыўся хутка і без выдурняцтваў: сойка выбрала месца недалёка ад свежай кратавіны крата, акуратна паклала жолуд паміж апалага лісця, праверыла - ці добра ляжыць? і .. усё. Выбралася наверх па схілу і тут адбылося самае нечаканае - гучна застрэкатала сарокай! Каб я не бачыў, што гэта сойка, ніколі б на яе не падумаў бы - гукаімітацыя 80-га ўзроўню!
Калі сойка не прыляціць за сваім запасам да вясны, то можа на схіле пачне свой жыццёвы шлях малады дубок. І калі яго не скосяць пільныя трымершчыкі, можа адным дубам каля нашай хаты стане больш.
Гродна, 12-11-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 18.11.2021 - 19:12
Наўратлі яна знойдзе гэты…
Наўратлі яна знойдзе гэты жолуд... А чаму вам самім не пасадзіць маленькі высадак дубка каля хаты...
Harrier - 18.11.2021 - 22:36
In reply to Наўратлі яна знойдзе гэты… by pva
Садзіў, але дубкі і клёны не…
Садзіў, але дубкі і клёны не прыжыліся (
А вось грэцкі арэх, рабіны ды шыпшыны 'мае' растуць за вакном і птушкі карыстаюцца імі не першы год.
pva - 19.11.2021 - 11:09
У мяне пад акном зрэзалі…
У мяне пад акном зрэзалі чырвоны дуб (перашкаджаў святлу), але пайшлі парасткі, і ўвосень яны былі прыгожыя. Жыццё працягваецца...
Harrier - 19.11.2021 - 14:25
In reply to У мяне пад акном зрэзалі… by pva
Чырвоны дуб добра, што…
Чырвоны дуб добра, што спілавалі, яго не шкада. Здаецца, ніхто яго з нашых відаў не есць і лісты доўга не перагніваюць - як пластыкавыя вецер пераносіць паўсюль.