Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Сойка, жолуд і ...сарока

Дакументацыйныя здымкі

У зусім невялічкім і напалову засыпаным неглыбокім яры, які вядзе ад нашага дома ў бок недалёкага Нёмана, я дагэтуль яшчэ не сустракаў соек (Garrulus glandarius). Хаця месца там цікавае і час ад часу прыемна здзіўляе то шэрай курапаткай, то зайцам-шараком, то белагрудым вожыкам. Пра вераб'іных птушак і не кажу: розныя віды сініц і палявыя вераб'і там ядуць і адпачываюць рэгулярна, а побач спяваюць і гняздуюць звычайная рудахвостка, і еўрапейскі ўюрок, і леска-завірушка.

Таму сойка, якая толькі што прыляцела туды, адразу прыцягнула маю ўвагу. І не дарма - яна хутка спусцілася з дрэваў на схіл яра і аказалася, што трымае ў дзюбе жолуд.

Здольнасць ці нават любоў гэтых птушак да жалудоў добра вядомая і сам я не аднойчы назіраў як сойкі збіраюць і адносяць прыхоўвываць іх на 'чорны дзень', а вось як і дзе хаваюць я яшчэ не бачыў.

Аднак увесь працэс адбыўся хутка і без выдурняцтваў: сойка выбрала месца недалёка ад свежай кратавіны крата, акуратна паклала жолуд паміж апалага лісця, праверыла - ці добра ляжыць?  і .. усё. Выбралася наверх па схілу і тут адбылося самае нечаканае - гучна застрэкатала сарокай! Каб я не бачыў, што гэта сойка, ніколі б на яе не падумаў бы - гукаімітацыя 80-га ўзроўню!

Калі сойка не прыляціць за сваім запасам да вясны, то можа на схіле пачне свой жыццёвы шлях малады дубок. І калі яго не скосяць пільныя трымершчыкі, можа адным дубам каля нашай хаты стане больш.

Гродна, 12-11-2021

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары

Садзіў, але дубкі і клёны не прыжыліся (

А вось грэцкі арэх, рабіны ды шыпшыны 'мае' растуць за вакном і птушкі карыстаюцца імі не першы год.

Чырвоны дуб добра, што спілавалі, яго не шкада. Здаецца, ніхто яго з нашых відаў не есць і лісты доўга не перагніваюць - як пластыкавыя вецер пераносіць паўсюль.