Птушкі і ветраныя электрастанцыі

Выкарыстанне ветру для атрымання электраэнергіі ў Беларусі толькі пачынаецца. Таму вельмі цікавым уяўляецца досвед, ужо атрыманы нашымі заходнімі суседзямі.
Нядаўна ў польскім часопісе “Дзікае жыццё” з’явіўся цікавы артыкул: Przemysław Chylarecki (працаўнік музею і Інстытуту заалогіі ПАН  і сябра Рады Ogólnopolskiego Towarzystwa Ochrony Ptaków), аrtykuł "Wiatraki. Za dużo tego dobrego?"

Прадстаўляем яго падсумаванне:


Ветраныя электрастанцыі – чыстая энергія? 
Незалежна ад таго, згодныя мы з тым, што змены клімату адбываюцца з-за дзейнасці чалавека альбо не, фактам застаецца патрабаванне дастасаваць польскую энергетыку да еўразвязаўскіх патрабаванняў і павялічыць долю энергіі з узнаўляльных крыніц. Пра маштабы зацікаўлення інвестыцыямі ў ветраэнергетыку сведчыць факт, што запланаваная моц электрастанцый, якія чакаюць на дазвол на іх размяшчэнне і пабудову ў два разы перавышае моц ужо існуючых ў Польшчы “традыцыйных” электрастанцый.

Не гледзячы на тое, што ветраныя генератары разрэкламаваныя як “чыстая” форма энергіі, яны маюць таксама свае негатыўныя бакі. Самы вядомымі прыкладамі ёсць ветраныя фермы ў Altamont Pass (Каліфорнія), а таксама параўнальна сучасны комплекс электра-вятракоў на нарвежскім востраве Smola. На амерыканскай ветраной ферме штогод гінуць каля 70 арлоў-маркутоў, больш за 100 рыжагаловых канюхоў і больш за 300 амерыканскіх пустэльгаў. Неабходна падкрэсліць, што калі гэтыя страшныя лічбы пералічыць на кожны з тысячы ўсталяваных там ветраных генератараў, яны могуць у такім выглядзе падацца зусім нязначнымі.
Больш геаграфічна блізкі нам прыклад з нарвежскага вострава Смола, гэта месца, дзе ў выніку сутыкненняў з турбінамі загінулі за апошнія 4 гады 27 арланаў-белахвостаў. Канешне, далёка не ўсе існуючыя ветраныя фермы ёсць “мясарубкамі птушак”, аднак трэба разумець, што яны могуць стаць важнай прычынай смяротнасці для некаторых відаў, асабліва для тых, папуляцыі якіх невялікія альбо павольна размнажаюцца.
 

Лопасці і бачнасць
Сутыкненні  -гэта не адзіны, хаця і найбольш распаўсюджаны спосаб “узаемадзеяння” ветракоў з птушкамі. Любыя жывёлы адпаведных памераў, якія набліжаюцца да ветрака на адлегласць каля 40 м, перастаюць заўважаць яго лопасці, канцы якіх круцяцца з хуткасцю каля 300 км/гадзіну і часцей за ўсё гінуць менавіта пасля гэтага. Пад час даследавання сітуацыі на прыкладзе 80 ветраных фермаў, якія знаходзяцца ў ЗША і Еўропе, толькі на 10% не было адзначана рэштак загінулых птушак. Тыя ж самыя даследаванні паказалі ў сярэднім 6-7 загінулых птушак у пералічэнні на адзін вятрак. Было шмат генератараў, пад якімі загінулі за год 20-30 птушак.
Лопасці турбіны з’яўляюцца смяротна небяспечнымі не толькі для птушак, але і для кажаноў. Менавіта для апошніх сцверджана яўленне баратраўмы. Яно адбываецца з-за таго, што за вінтамі ціск паветра падвышаны і лёгкія кажаноў проста разрывае.
 

Сучасныя страшыдлы
Адмоўнае дзеянне турбін не абмяжоўваецца толькі смяротнымі сутыкненнямі. Ветраныя фермы дзейнічаюць на птушак адпалохваюча – градыент колькасці гняздуючых і мігрыруючых птушак падае пры набліжэнні да ветраных фермаў. Гэта фактычна азначае змяншэнне плошчаў патэнцыяльна падыходзячых гнездавых біятопаў, бо каля ветракоў яны птушкамі не выкарыстоўваюцца. Шырыня такой зоны складае 500-700 м і павялічваецца разам з вышынёй ветраных турбін. Розныя віды рэагіруюць на дзеянне турбін не аднолькава, аднак, напрыклад, шатландзкія вялікія кулёны, залацістыя сеўкі і bekasy kszyki на адлегласці ў 500 м ад ветраных электрастанцый характаразуюцца на 40% меншай шчыльнасцю чым да больш аддаленых тэрыторыях у падобных біятопах. Падобныя заканамернасці выкарыстання гнездавых біятопаў адзначаны таксама для канюхоў-мышаловаў і палявых луней. Аднак у кажаноў падобнага “адпужваючага” эфекту не адзначана і апошнім часам з’явіліся падазрэнні, што турбіны нават прыцягваюць прадстаўнікоў гэтай групы, але пакуль дастатковых доказаў на гэта не атрымана.
 

Далей ляцець
Трэці адмоўны эфект ад ветраных электрастанцый для птушак – т.зв. эфект бар’еру. Ён азначае, што птушкі пад час пералётаў (кароткіх альбо доўгіх) успрымаюць ветраныя фермы як перашкоду, якую трэба аблятаць. Калі такія перашкоды расцягваюцца на кіламетры і перашкаджаюць нармальнай міграцыі альбо калі птушкі вымушаны шматкротна аблятаць іх з-за таго, што яны знаходзяцца паміж гнездавой тэрыторыяй і месцам харчавання, энергетычныя кошты такіх пералётаў могуць быць значнымі.
Менш значны, але таксама адмоўны ўплыў – фрагментацыя месцапражыванняў і біятопаў навокал ветраных фермаў, якая адбываецца з-за таго, што да іх будуюць пад’язныя шляхі – дарогі і камунікацыі.
 

Як знайсці кампраміс?
Аналізуючы сітуацыю ў Польшчы, аўтар прыгадвае перашкоды на шляху атрымання якасна выкананых ацэнак магчымага уздзеяння ветраных фермаў на навакольнае асяроддзе і на птушак у прыватнасці. Галоўная праблема тут у тым, што крытэрам выбару размяшчэння электрастанцыі ёсць патэнцыял ветру і магчымасць недалёкага падключэння да існуючых ліній элетраперадачы. Таму іншыя чыннікі, напрыклад, прыродная каштоўнасць месца ўлічваюцца ў апошнюю чаргу.
Аднак ацэнка па магчымаму ўздзеянню на навакольнае асяроддзе, якая будзе разыходзіцца з рэчаіснасцю, не ў доўгатэрміновых інтарэсах інвестараў. Яе можна абскаржыць у адміністрацыйным судзе. Акрамя таго, пабудова электрастанцыі ў месцы з высокай прыроднай каштоўнасцю праз нейкі час можа нават прывесці да яе закрыцця – такую магчымасць прадугледжвае закон аб супрацьдзеянні шкодзе навакольнаму асяроддзю.
Каб ўлічваліся як інтарэсы інвестараў, так і захавання прыроды, былі створаны рэкамендацыі па правядзенню маніторынгу на магчымых пляцоўках пабудовы ветраных фермаў, падрыхтаваныя ў тым ліку і арнітолагамі і прапануемыя да выкарыстання Польскім аб’яднаннем ветранай энергетыкі.
 

Цалкам артыкул на польскай мове тут: pracownia.org
 

Здымак ветранай фермы Дзьмітрыя Вінчэўскага
Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Турбіны коштам арлоў не будуюць

Не – энергіі коштам жыцця птушак

У Вялікабрытаніі дэманціравалі турбіны, якія забівалі чаек

Амерыканскі кангрэсмен адстойвае бяспечныя для птушак будынкі

Полтора миллиона птиц ежегодно разбиваются в Беларуси о стекла

Новае шкло можа зменшыць на мільярды смяротныя сутыкненні птушак з вокнамі толькі ў Злучаных Штатах

 

Comments

Думаю, што заўсёды трэба думаць - гэта найперш. А потым шукаць адпаведныя выйсьці: не будаваць там, дзе гэтыя электрастанцыі могуць прыносіць вялікую шкоду і/або псаваць прыгожыя краявіды етс.

Согласен, лучше устанавливать их на бескрайних полях с с/х культурами, как на фото. Там, должно быть, и птиц меньше пролетает...