Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Гіль, які не баяўся снегу

гіль

Снег выпаў напярэдадні ўвечары. Але было не холадна, і ён пачаў падтайваць і таму зранку зрабіўся шчыльнейшым, але застаўваўся мяккім. Навокал стала светла і без сонца і я яшчэ здалёк заўважыў чырвоны яблык, які скакаў па заснежанаму даху аднаго з сараяў за плотам. Канешне, гэта быў самец гіля (Pyrrhula pyrrhula)!

Час ад часу птушка пералятала паміж невысокімі пабудовамі і сядала то тут, то там у снег на гародзе, то вярталася на белыя дахі. Але што гіль збіраў, я зразумеў не адразу. І толькі калі спачатку ўбачыў нешта невялікае і цёмнае на снезе, а потым гэта ўзяў у дзюбу гіль, я ўюачыў, што гэта ... семкі. Семкі былі раскіданы па снезе нягуста, але шырока. Спачатку я падумаў, што гэта маглі зрабіць сініцы, якія па нейкай прычыне не данеслі іх са сталоўкі недзе побач і 'патрацілі' у палёце. Але па меры таго, як гіль пераскокваў па снезе ці пералятаў да ўсё новай і новай ежы, у мяне ўзнік сумнеў у першапачатковай тэорыі 'патрачаных сініцамі семак'. Усё ж наўрацці столькі сініц (ці адна столькі разоў) маглі быць настолькі няздарамі, каб раскідаць столькі сваёй ежы. Але і чалавек не мог бы так шырока раскідаць насенне сланечніка, бо трэба было б гэта рабіць па 1-2 семкі шмат разоў у розных месцах за домам, ды і навошта?  І слядоў ад ног відаць на снезе не было.

Таму адкуль там з'явілася столькі ежы для гіля, засталося неразгаданым. Але яе паходжанне для яго было няважным - птушка прыкладна паўгадзіны знаходзіла і хутка вылушчвала на снезе ўсё новыя і новыя семкі.

Гродна, 13-01-2024

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі