Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хаця ў некаторых (а можа і многіх) гарадах Беларусі сарокі (Pica pica) - даволі звычайныя птушкі, у Гродна гэта не так. І больш-менш ўпэўнена сустрэць сароку можна толькі на ўскрайках, або ў нешматлікіх іншых месцах вакол цэнтру ў шырокім сэнсе. Таму раней ў мяне не атрымлівалася назіраць за працэсам капуляцыі гэтага віду. І вось ў пачатку красавіка пашанцавала ўбачыць - і зняць - не адну, а цэлую іх серыю.
Пачалося ўсё з гучнага стракатання сарокі, якая сядзела амаль на вяршаліне высокага, але не старога грэцкага арэха. Вышэй прысады ў наваколлі не было, можа таму птушка і выбрала менавіта гэтае дрэва. Даволі хутка аказалася, што сарока на гэтым дрэве не адна - значна ніжэй сядзела яшчэ адна, але яна ўвесь час прыгала і пералятала моўчкі. Сарока зверху не толькі гучна і рэгулярна патрэсквала, але яшчэ і падымала ўгору хвост (амаль як даўгахвосты крапіўнік) і трэсла паўраскрытымі крыламі. Стала зразумела, што гэта самка, якая запрашае самца да капуляцыі, якая неўзабаве і адбылася:
Пасля першай другую спробу прыйшлося чакаць хвілін 10, прычым самка пачала папярэднія паводзіны-запрашэнне на тым самым дрэве пасля таго, як папералятала навокал і нават была зусім блізка каля мінулагодняга (?) гнязда метрах у 30 ад высокага грэцкага арэха. Хаця з восені я праходзіў зусім побач з ім штодзень, заўважыў яго толькі цяпер. Зусім невысока яно было зроблена ў дарогі, але яўна птушкамі гэтай вясной не папраўлялася і ў далейшым яны занялі для гнездавання нейкае іншае (якое я не знайшоў).
Самец жа заставаўся недалёка каля грэцкага арэха і калі самка ізноў пачала дэманстраваць сваю гатоўнасць да спарвання, праз нейкі час падляцеў спачатку і сеў ніжэй як і ў першы раз, а потым прызямліўся на долі секунды і на самцы.
Дачакаўся я за паўгадзіны і трэцяй спробы капуляцыі, аднак, здаецца, яна была няўдалай - самец не здолеў нават добра сесці на самку, як быў вымушаны адляцець. Пасля гэтага і самка апусцілася ў дрэве ніжэй і яны сталі пералятаць па суседніх дрэвах на невялікай адлегласці адно ад аднаго.
Спачатку я іх бачыў у наваколлі амаль штодзень, а потым з часам нават не штотыдзень.
Гродна, 05-04-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ