Нечаканы працяг папярэдніх гісторый:
Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ, частка IV, частка V, частка VI і частка VII і частка VIII.
Мая апошняя сустрэча са ‘старай знаёмай’ сям’ёй шэрых курапатак (Perdix perdix) адбылася ў вельмі сумных абставінах – амаль уся травяністая расліннасць у цэнтры горада ўздоўж ракі, дзе вывеўся і рос гэты вывадак, паступова была скошана. Гэта прывяло да таго, што тэрыторыя, дзе яны маглі б далей харчавацца і бяспечна жыць, амаль знікла. І вось прыкладна праз два тыдні мне зноў пашанцавала, аднак … на супрацьлеглым беразе ракі.
Я йшоў па ‘таму’ берагу ў невялікі скверык здымаць як там птушкі ядуць і хаваюць грэцкія арэхі і жалуды, як прыкладна ў 30 метрах перада мной шырокую і пустую дарогу ад ракі ў бок крутога схілу, які зарос травяністай расліннасцю, сталі невялікімі групкамі перабагаць курапаткі! Калі б я апынуўся ў тым жа месцы на хвіліну раней ці пазней, наўрацці я б ўбачыў іх на схіле – настолькі мала заўважнымі яны былі і сярод яшчэ зялёных купін, і сярод апалага лісця, і тым больш – глядзіце апошнія здымкі – сярод сухіх скошаных сцяблін крапівы.
Паводзілі сябе птушкі вельмі асцярожна, не забывалі глядзець не толькі навокал (гэта часцей за моладзь, як і раней, рабіла дарослая пара – бацькі), але і ў неба (гэта добра бачна на адным са здымкаў). Усе шмат перамяшчаліся і амаль увесь час нешта выбіралі і елі. Гэта не перашкодзіла мне добра разгледзець усю сям’ю і я налічыў, акрамя дарослай пары, таксама шэсць добра падрослых птушанят. Месца, дзе яны зараз харчаваліся, было параўнальна блізка ад берага Нёмана і знаходзілася практычна насупраць той тэрыторыі, дзе мая ‘старая знаёмая’ сям’я курапатак жыла апошнія месяцы на ‘нашым’ беразе ракі. Таму я і падумаў, што гэта мае знаёмыя птушкі, якіх вынішчэнне іх месцапражывання на нашым беразе прымусіла пераляцець на гэты. Рака тут не такая і шырокая, не больш 100 метраў і думаю, што з такім палётам маглі б справіцца і маладыя птушкі. Бо наўрацці на супраць адна адной на абодвух берагах ракі адначасова жывуць дзве сям’і курапатак аднолькавага складу і з прыкладна аднолькавага ўзросту птушанятамі. Тым больш, што ‘мая знаёмая’ сям’я ‘прапала’ з нашага берагу і мела ўсе аснаванні шукаць лепшага месца для жыцця.
Гродна, 09-10-2022
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ