Ужо на прыканцы мая аказалася, што адна са старых чарэшняў на маім штодзённым шляху мае вялікія жоўтыя спелыя ягады, якія першымі знайшлі ... шпакі (Sturnus vulgaris). Я б можа і не даведаўся б пра гэта, бо дрэва, хаця і высокае, расло ў глыбіні двара за высокім плотам, каб не пастаянныя крыкі птушак, якія па меры набліжэння да гэтага месца ператвараліся ў гучны і пастаянны шум.
Чарэшня хаця і мае адпаведную лацінскую назву (Prunus avium = птушыная вішня), але не самая простая для шпакоў ягада. Тады як, напрыклад, вялікія галубы (Columba palumbus) могуць яе праглынуць разам з костачкай, шпакі так робяць хутчэй у выключных выпадках, а звычайная іх стратэгія - адрываць дзюбай кавалак за кавалкам і іх праглынаць. Таму нават каб з'есці адну ягаду, у іх траціцца параўнальна шмат часу.
Далёка не адразу я зразумеў прычыну пастаянных крыкаў, прычым шпакі яўна стараліся, каб яны былі як мага гучнейшымі. Яна аказалася вельмі простай, але лагічнай. Справа была ў тым, што нядаўна выляцелі з гнёздаў маладыя шпакі і яны ўсё яшчэ дамагаліся, каб дарослыя іх кармілі. Дарослыя ж прыляцелі есці чарэшню, таму і маладыя сядзелі побач і пастаянна нагадвалі пра сябе. А калі не крычалі, то чысціліся непасрэдна тут, на дрэве, каб нічога важнага не прапусціць. І даволі часта не прапускалі)
Гродна, 29-31.05.2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ