Калі я здымаў у скверыку чыжоў на туях, нечакана на плітку ў некалькіх метрах ад мяне пачала прылятаць сівая сініца (Parus palustris). А калі я пачаў яе здымаць то аказалася, што зусім не на плітку, а на невялікі кавалак яблыка. Яна смешна прысядала, каб ўтрымаць той кавалак і, здаецца, дзюбала яго. Але штораз ёй нешта перашкаджала рабіць гэта даўжэй, чым некалькі секундаў. То людзі праходзілі недзе побач, а то яна адлятала на бліжэйшае дрэва без бачнай мне прычыны. Аднак штораз праз таксама некалькі секунд вярталася і працягвала сваю справу, ажно пасля чарговага адлёту не вярнулася.
Я і раней бачыў, як сінічкі дзяўбуць яблыкі і мяне гэта не здзівіла. Толькі ў хаце, калі я праглядаў здымкі на маніторы кампутара, я зразумеў што насамрэч рабіла з тым кавалкам яблыка сініца. Ёй не было справы да мякаці, тым больш кавалак той быў яўна падвялы - яе цікавіла насенне! Толькі каб даставаць яго, прыходзілася неяк фіксіраваць рэшткі яблыка і часта прысядаць у нязручнай позе, учапіўшыся кіпцюрамі абодвух лапак. Калі семка яблыка апыналася ў дзюбе сінічкі, яна адлятала на бліжэйшае дрэва і ў бяспецы даставала-з'ядала змесціва, пасля чаго вярталася па наступнае. І так пакуль не дастала і не з'ела ўсе. А пасля адлецела шукаць іншую ежу.
Гродна, 15-10-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ