На наступны дзень як у мяне атрымалася зняць зімародка (Alcedo atthis) на старым вядры ў вусці Гараднічанкі і недалёка ад гэтай дзіўнай прысады, вядро адтуль прапала. Хутчэй за ўсё яго нехта прыбраў як непатрэбнае смецце, але месцаў, з якіх птушцы было б зручна назіраць і рыбачыць там больш не засталося.
І я вырашыў зрабіць і прапанаваць зімародку іншую прысаду, зробленую 'сваімі рукамі'. Я і раней так рабіў, знаходзіў адпаведнай даўжыні і формы сухую галіну, замацоўвываў камянямі яе аснаванне і нахіляў над вадой. Гэта спрацоўвала, але з пераменным поспехам - часам птушкі карысталіся з яе, часам не. Але калі ўжо ведаеш дзе такая прысада павінна знаходзіцца, то і памыліцца з яе размяшчэннем шанцаў менш.
І вось я іду ўздоўж берага Нёмана і шукаю адпаведнае сухое дрэва ці гатовую, ужо адламаную галіну бліжэй да вады на схіле да яе. Наперадзе, знізу нешта ляжыць - вырваная з каранямі і ўжо сухая невысокая вярба. Спускаюся да яе, аглядаю - не, занадта кароткая каб можна было хаця б нешта адламаць. І тут паварачваю галаву ў іншы бок і трошкі вышэй, за жыдзенькім трыснягом, усяго ў 7-8 метрах ад мяне на гарызантальнай галінцы вярбы сядзіць зімародак!
Хапаю фоцік, наводжу на яго і здымаю, потым падымаюся трошкі вышэй за яго па схілу і зноў здымаю. Вось птушка пачала ціхенька папіскваць - я нават падумаў, што можа бачыць і так сустракае іншага зімародка, але ніхто не прыляцеў. Затое, як аказалася, гэты зімародак сядзеў там не проста так - нырнуў ў ваду і вынырнуў з малюсенькай серабрыстай рыбкай у дзюбе. Шкада толькі, што не вярнуўся на тую ж прысаду, а паляцеў міма мяне і сеў на рэшткі бетоннай набярэжнай ля вады, дзе праглынуў здабычу і потым нізка, над самай вадой, паляцеў на той бераг ракі.
Рака Нёман у Гродна, 22-02-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ