23 красавіка ў Тураве прайшоў сёмы Фестываль кулікоў. Арніталагічныя экскурсіі, «птушыныя» майстар-класы, канцэрт – такім чынам АПБ і мясцовыя ўлады звяртаюць увагу на ўнікальную прыродную тэрыторыю каля старажытнага горада.
Тураўскі луг, або Тураўскае балонне - гэта востраў паміж Прыпяццю і рачулкай Струмень плошчай каля 140 га.
Гэта Тэрыторыя важная для птушак (ТВП) міжнароднай значнасці, так званы «птушыны аэрапорт». Больш за 50 000 гусей, больш за 30 000 качак, больш за 200 тысяч кулікоў – такімі лічбамі можа пахваліцца Тураўскае балонне. Арнітолагі даўно сказалі: такое месца ў Беларусі – адзінае.
Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі
- Я ўжо 25 год прыязджаю ў Тураў. Жыткавіцкі раён – самы птушыны, паверце! Вы кожны дзень бачыце Тураўскае балонне, але павінны разумець, што гэта тэрыторыя глабальнай значнасці! «Ахова птушак Бацькаўшчыны» плануе падаваць гэтую ТВП у Рамсарскі спіс, пад міжнародную ахову. Пакуль у спісе 23 тэрыторыі Беларусі, спадзяемся пабачыць там і Тураўскае балонне. Віншую ўсіх са святам, няхай кожны год будзе больш кулікоў, больш турыстаў, і больш увагі да гэтага месца! – павітаў гасцей і падзяліўся прыродаахоўнымі планамі дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі.
Пасля такіх слоў чэргі на экскурсіі становяцца большымі. Паглядзець на рэдкіх птушак і дазнацца, колькі відаў хаваецца за словам «кулікі», хочуць і дарослыя, і дзеці. На свята завітала добрае надвор’е: сярод хмар з’явілася сонейка. Разглядаць пёры і дзюбы птушак куды лягчэй.
Экскурсійны "аўтобус"
На лузе гасцей сустракаюць арнітолагі. Паглядзім у трубу, потым замацуем па фотаздымках і ў вызначальніку – і можна пераходзіць да наступнага віду!
Перад групамі на шпацыр выходзіў кулік-крывок, блізка падпускалі баталёны, узляталі і сядалі кнігаўкі. Цяпер зразумела, чаму апошніх так назвалі: птушка ў палёце – сапраўдная разгорнутая кніга!
Менавіта ў Тураве знаходзіцца адзіная ў Беларусі станцыя кальцавання птушак. Яе супрацоўнікі – арнітолагі Акадэміі навук – праводзяць на Тураўскім балонні сезон з красавіка па верасень: кальцуюць птушак, расчышчаюць пойму Прыпяці ад хмызнякоў і смецця. Пад час фестывалю ўсе жадаючыя маглі патрапіць на экскурсію на станцыю, паглядзець, як кальцуюць птушак, спытаць, навошта гэта робіцца і як атрыманыя дадзеныя памагаюць навукоўцам. «Разынкай» стаў выпуск кулікоў. У дзень свята сярод турухтанаў і траўнікаў апынулася і марадунка: менавіта гэтаму рэдкаму куліку ў Тураве ўсталяваны адзіны ў свеце помнік.
З кожным годам больш увагі балонню надаюць не толькі арнітолагі, але і мясцовыя ўлады.
Старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч
- У нашым раёне сканцэнтраваны практычна ўсе віды флоры і фаўны Палескага рэгіёна. Тураўшчына – асаблівы куток Палесся. Звярнуць увагу людзей на Тураўскі луг, на яго «жыхароў» – кулікоў і іншых водна-балотных птушак, на іх праблемы – наша агульная справа. Важна зрабіць усё магчымае, каб захаваць гэтыя мясціны нашчадкам!– адзначае старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч.
На жаль, у кулікоў нямала пагроз: пойма Прыпяці зарастае хмызнякамі і выцясняе птушак, мясцовыя любяць гуляць з сабакамі і ладзіць пік-нікі менавіта тут. Таму звярнуць увагу на ўнікальную тэрыторыю і расказаць, як не пашкодзіць птушкам і як захаваць жамчужыну Палесся, варта кожны год.
Лепш за птушак Тураў ведае хіба што мэр горада. Сяргей Скарапацкі таксама вітае гасцей свята.
Мэр Турава Сяргей Скарапацкі
- Фестываль кулікоў – унікальная падзея для Турава і для ўсёй Беларусі. Дзясяткі тысяч птушак ў адным месцы – гэта наш Тураўскі луг! Людзі з розных куткоў Еўропы прязджаюць сюды, каб на свае вочы пабачыць гэты цуд. Асаблівая тэрыторыя патрабуе асаблівай падтрымкі і ўвагі. Штогод ладзяцца розныя мерапрыемствы, каб захаваць тэрыторыю. У дзень фестываля хачу яшчэ раз звярнуцца да жыхароў: памятайце, што жывеце побач з вялікім месцам, захоўвайце яго і не прыносьце шкоду,- нагадаў старшыня гарвыканкама.
Фестываль кулікоў адбыўся ў тым ліку і дзякуючы праекту «Прырода важная для ўсіх», які АПБ реалізуе пры падтрымцы ЕС. Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя – важны момант для ўсіх краін Еўрасаюза. Гэта і важная частка супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю. І на свяце гэта падцвердзілі з першых вуснаў.
Аташэ, каардынатар праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Філіп Бернар
- Нядаўна ў Нью-Ёрку адбылася важная падзея: большасць краін свету падпісалі Парыжскае пагадненне аб змяненні клімату. Такое адбылося ўпершыню ў гісторыі свету. І прагрэс будзе толькі тады, калі кожны будзе рабіць крок наперад. Як гэтага дасягнуць? Важна, каб і на мясцовым узроўні кожны зрабіў нешта для змянення сітуацыі. Як, напрыклад, тут. Ініцыятывам на мясцовым узроўні мы надаем шмат увагі. Таму давайце працягваць! –заклікае аташэ, каардынатар праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Філіп Бернар.
Між тым канвеер экскурсій працягваецца. Куток на плошчы, дзе размешчана фотасушка, ператвараецца ў «адкрыты ўрок»: пасля экскурсій людзі трэніруюцца вызначаць птушак па фотаздымках.
Пашчасціла і тым, хто апынуўся на іншых пляцоўках галоўнай плошчы Турава: там ладзіўся шэраг «птушыных» майстар-класаў. Кулікоў рабілі ў выглядзе магнітаў, флікераў, паштовак. Можна было зрабіць птушку з воўны ці птушку-аквагрым.
Адначасова праходзілі дзіцячыя забавы. Вядома, што вывучаць кулікоў ў форме гульні куды прасцей! Усе жадаюючыя праверылі свае веды на адмысловым кулічыным квэсце: шукалі словы-падказкі па ўсім горадзе, складалі вершы ў гонар птушак і выконвалі іншыя заданні.
Скончыўся фестываль канцэртам трох мінскіх гуртоў. Але «кулічыны сезон» у Тураве не скончыўся. АПБ запрашае наведаць пойму Прыпяці, бліжэй пазнаёміцца з дубальтам і вялікім грыцуком, даведацца пра прычоскі кнігавак і каўнеры баталёнаў, і ўпэўніцца: птушкі – гэта цуд!
Вікторыя Церашонак, www.ptushki.org
Фота - Юлія Бондар
Дзе кулік — там і Cвята!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 29.04.2016 - 17:53
Дзякуй, Вікторыя! Прыгожы і…
Дзякуй, Вікторыя! Прыгожы і цікавы рэпартаж атрымаўся!
Проніч - 30.04.2016 - 22:29
Віншую, Вікторыя! Цікавы…
Віншую, Вікторыя! Цікавы рэпартаж. Хацелася б пабываць на такім фэсце! - не выпадае.
Вы прыводзіце цікавае параўнаньне, калі гаворка ідзе пра кнігавак: "птушка ў палёце – сапраўдная разгорнутая кніга!"
Магчыма будзе карысным нагадаць, што паходжаньне беларускай назвы "кнігаўка" гукапераймальнае і больш старажытнае, чым назва "кніга". Найбольш выразна і шырока апошняя назва ўжываецца ў перакладзе Бібліі на літаратурную славяна-беларускую мову Францішкам Скарыною. Ф. Скарына, верагодна, і зьяўляецца аўтарам такой назвы паперных фаліянтаў Бібліі (Біблія выдавалася Скарыною, як асобныя фаліянты). Такім чынам, назва "кніга" параўнальная ў адносінах да назвы птушкі "кнігаўка". Яна замацавалася ва ўсіх сучасных усходнеславянскіх мовах - беларускай, украінскай і рускай.