У невялічкім скверыку насупраць нашага дома шмат шпакоўняў, шчыльна развесілі іх і на дрэвах вакол пачатковай школы. Пэўна колькі гадоў таму была нейкая акцыя ціпа "падары дом шпаку", вось і надарылі. Развесілі амаль на кожным больш-менш тоўстым дрэве. Шпакі (Sturnus vulgaris) не скардзяцца на перанасяленне, бо і няма каму, а стараюцца выжываць. Пра гэта і мая гісторыя.
Здавалася б, усё тут як заўсёды, але не ў гэты раз. Троху больш за два тыдні таму, увечары я заўважыў, што пара шпакоў носіць гнездавы матэрыял у шпакоўню. Але вышэй шпакоўні на тое ж дрэва села шэрая варона і шпакі перадумалі адразу ляцець у шпакоўню з тым, што набралі. І дзякуючы гэтаму ў мяне і атрымалася зрабіць некалькі дакументацыйных здымкаў аднаго са шпакоў з пары, які трымаў у дзюбе свежаадарваную пад дрэвам пурпурную яснотку (Lаmium purpureum)!
Не прайшло і хвіліны, як варона адляцела па сваіх справах і абодва шпакі са сваімі "падарункамі" ўціснуліся па чарзе ў шпакоўню. Ніколі дагэтуль, ні пасля я нічога падобнага не назіраў.
Добра вядомыя выпадкі выкарыстання араматычных раслін сініцамі для дэзінфекцыі гнязда, вераб'ямі - недапаленых цыгарэт. Але для чаго ў гняздзе яснотка? Здаецца, яна не мае моцных дэзінфекцыйных уласцівасцяў. Якая ад яе карысць птушкам?
Але расце шмат дзе навокал і прыгожая, канешне. Таму можа гэта і было адзінай прычынай для шпака прынесці яе на гняздо. Аднак у цемры шпакоўні гэтую прыгажосць усё роўна наўрацці будзе добра бачна)
Дзякую Алесе Кручонак за вызначэнне расліны.
Гродна, 10-04-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 28.04.2021 - 15:47
Больш дасведачныя людзі…
Больш дасведачныя людзі кажуць, што хутчэй за ўсё для дэзінфекцыі гнязда, і вельмі магчыма, што як раз перад вылупленнем птушанят.