Насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню на прыкладзе ўзаемадзеяння амялы і птушак, навукоўцы паказалі, што найлепш гэтыя паўпаразітычныя расліны распаўсюджваюць на новыя тэрыторыі не тыя віды, якія ядуць іх параўнальна часта, а тыя, якія з’ядаюць ягады амялы толькі час ад часу.
Прафесар David Watson, эколаг з Charles Sturt University's (CSU) (Аўстралія), прааналізаваў вынікі пяці даследаванняў, якія ён правёў у Аўстраліі і Цэнтральнай Амерыцы. Гэтыя даследаванні прадэманстравалі, што віды птушак-спецыялісты, якія залежаць ад харчавання на адной групе раслін зусім не так важныя для распаўсюджання гэтых раслін як меркавалася дагэтуль.
"Агульнапрынятая канцэпцыя ў тым, што амялу распаўсюджваюць птушкі-спецыялісты, якія часта харчуюцца яе ягадамі, багатымі карыснымі рэчывамі, і з’ядаюць і яе насенне, дзякуючы якому амяла і распаўсюджваецца на новыя дрэвы” – сказаў праф. Watson.
"Аказалася, што гэтыя віды-спецыялісты канцэнтруюцца там, дзе амялы ўжо многа. Раней лічылася, што амяла не можа выжыць без гэтых птушак-спецыялістаў і наадварот – птушкі не могуць выжыць без яе. Гэта адносіны, якія маюць назву “мутуалізм”. Аднак нашы даследаванні паказалі іншую карціну.
Мы знайшлі, што віды-спецыялісты сустракаюцца толькі там, дзе амяла ўжо існуе і не адлятаюць далёка туды, дзе яе яшчэ няма. Таму, з пункту гледжання расліны, гэтыя птушкі слабыя яе распаўсюднікі. Яны хутчэй распаўсюджваюць амялу ўжо там, дзе яе было шмат і да гэтага і там, дзе яны жывуць”.
У сувязі з гэтым узнікла пытанне – калі амялу не распаўсюджваюць у новыя месцы віды-спецыялісты, тады хто гэта робіць? Аказалася, што найлепшымі распаўсюднікамі амялы з’яўляюцца тыя віды птушак, якія харчуюцца імі толькі час ад часу, а так ядуць і насякомых, ягады і іншую садавіну, і нектар.
"Ягады амялы не толькі вельмі смачныя для птушак. У іх шмат амінакіслот, тлушчоў і вугляводаў, таму нават тыя віды птушак, якія звычайна харчуюцца, напрыклад, насякомымі і іншай ежай, з’ядаюць час ад часу і амялу” – сказаў прафесар.
"Аднак больш шырокая, не спецыялізаваная на ягадах амялы дыета, “прыводзіць” гэтых птушак на тэрыторыі, дзе амялы яшчэ няма і яны застаўляюць яе насенне ў памёце ў новых для яе месцах. А калі амяла ўжо займае гэтыя новыя месцы, віды-спецыялісты прылятаюць і паступова распаўсюджваюць яе вакол гэтага новага цэнтра.”
Крыніца: Watson, D. Mistletoe specialist frugivores: latterday 'Johnny Appleseeds' or self-serving market gardeners?, Oecologia, vol. 172 issue 4. dx.doi.org/10.1007/s00442-013-2693-9
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,
здымак амялушкі на амяле яго ж
На гэтую тэму:
Качкі – адны з галоўных распаўсюджвальнікаў многіх відаў раслін
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
AV - 18.05.2021 - 11:43
артыкул пра амялу цікавы,…
артыкул пра амялу цікавы, але да Беларусі, думаю, не адносіцца. Фота не ілюструе артыкул. Вучоны працаваў у Аўстраліі і Цэнтральнай Амерыцэ, дзе птушкі ў асноўным аселыя і віды амялы іншыя, напэўна. Канкрэтныя віды птушак не прыведзены, іх статус таксама не разглядаецца. Не для нас(
Harrier - 18.05.2021 - 12:21
In reply to артыкул пра амялу цікавы,… by AV
Насамрэч, невядома як у нас,…
Насамрэч, невядома як у нас, бо мы прызвычаіліся думаць толькі пра амялушак і драздоў.
А ўсё можа быць больш складана.