Дакументацыйныя здымкі і відэа
Вада ў Нёмане моцна ўпала за апошні тыдзень і шматлікія кусты-пасынкі вяза на заваленным валунамі аснаванні набярэжнай сталі цалкам даступныя - апынуліся 'на сушы'. Хутчэй за ўсё гэта і стала асноўнай прычынай таго, што адзін з крапіўнікаў (Troglodytes troglodytes), якія зімавалі тут, вырашыў дэтальна іх даследаваць. Я стаў сведкам гэтага, бо як раз быў недалёка ад яго на набярэжнай, але вышэй і зусім не перашкаджаў.
Пачалося ж усё нечакана: крапіўнік, як гэта бывае з імі амаль заўсёды, з'явіўся невядома адкуль, сеў невысока на адной з вязавых галінак і ... заспяваў! Гэта было тым больш дзіўна, што раніца выдалася пахмурнай і даволі халоднай. А вось далей усё было чакана: птушка літаральна шмыгала паміж валунамі як мышка, хутка даследавала аснаванне амаль кожнага куста і лісце, якое рака, калі сыходзіла, прынесла і заставіла тут:
Даволі хутка я стаў паспяхова адгадваць, дзе крапіўнік пакажацца з-за валуна ў наступны раз. Ён быў у руху амаль увесь час і яшчэ і таму, а не толькі памерамі і карычнева-рыжай афарбоўкай нагадваў маленькага грызуна. Але былі і адрозненні: зрэдку ён трашчаў (пэўна прыцягваў да сябе ўвагу гаспадароў-суседзяў = іншых крапіўнікаў), а таксама часам узлятаў невысока, на паўметра, на галінкі і аглядваў наваколле. Тое ж рабіў і з некаторых, цалкам акрытых, валуноў.
Нейкія безхрыбетныя знаходзіліся і хутка з'ядаліся, але напэўна іх было няшмат. Бо за некалькі хвілін мы з крапіўнікам пераадолелі ўздоўж лініі вады адлегласць метраў у 80 ад месца, дзе ён заспяваў. Іншыя крапіўнікі яго або не бачылі, або іх тут ужо не было. А птушка яўна працягвала пошукі ежы і пасля таго, як мае пальцы замёрзлі і я вырашыў прыпыніць сваё назіранне.
Гродна, 22-03-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 27.03.2024 - 15:02
Вам пашанцавала. Я зімой…
Вам пашанцавала. Я зімой ганяўся за адным ля ракі, але так і не ўдалося сфатаграфаваць: вёрткі, і густы хмызняк перашкаджаў.
Harrier - 27.03.2024 - 20:37
Так, ганяцца за імі няма…
Так, ганяцца за імі няма сэнсу - або адляціць, або схаваецца так, што і не ўбачыш дзе і як знік.