Дзякуючы кальцаванню часам атрымліваецца атрымаць вельмі цікавыя звесткі не толькі пра міграцыі і месцы зімоўкі розных відаў птушак – наконт гэтага нашмат больш эфектыўныя цяпер сучасныя метады сачэння за птушкамі, але найперш пра іх доўгажыхарства. Сёлета ў студзені ў Фінляндыі быў сфатаграфаваная самка арла-маркута (Aquila chrysaetos) з кальцом, якой аказалася 34 гады! Гэта найстарэйшы прадстаўнік віду, вядомы нам у Еўропе.
На прыканцы мінулага месяца, Ары Камулайнен (Ari Komulainen), фінскі фатограф-анмаліст, здымаў птушак на усходзе Фінляндыі і ў яго атрымалася зрабіць здымак арла-маркута з кальцом на левай назе. Пасля таго, як быў прачытаць надпіс на кальцы і інфармацыю пераслалі ў Цэнтр кальцавання птушак (Ringing Centre of Luomus), з Фінскага музею натуральнай гісторыі універсітэту Хельсінкі прыйшоў адказ, што з моманту кальцавання гэтай птушкі прайшло дакладна 34 гады 6 месяцаў і 27 дзён!
На сённяшні дзень гэтая самка арла-маркута пакуль што другая па працягласці жыцця сярод усіх акальцаваных у Фінляндыі птушак. На ўмоўным першым месцы тонкадзюбая кайра (Uria aalge) – 34 гады і 11 месяцаў, на трэцім – чайка-клыгун (Larus argentatus) – 34 гады і 7 месяцаў.
А паводле базы дадзеных акальцаваных у Еўропе птушак EURING, гэты фінскі арол-маркут – найстарэйшы вядомы для нашага кантыненту прадстаўнік віду. Аднак нават яму далёка да самых старых птушак іншых відаў, адзначаных у Еўропе. Гэта звычайны буравеснік (Puffinus puffinus) – 50 гадоў і 11 месяцаў і чубаты нырок (Aythya fuligula) – 45 гадоў і 3 месяцы.
Аказалася, што самы стары арол-маркут Еўропы быў акальцаваны як адзінае птушанё ў гняздзе вясной 1984 года ў цэнтральнай частцы Фінляндыі Ёуні Руусканенам (Jouni Ruuskanen), адным з самых дасведчаных фінскіх кальцавальнікаў арлоў і сокалаў-падарожнікаў.
Пасля гэтага, птушку атрымалася ўбачыць толькі аднойчы – зімой 1986 году яна таксама была сфатаграфаваная, але на поўдні краіны.
Паміж 1913 і 2018 гг – час, калі ў Фінляндыі кальцуюць птушак, усяго атрымалі кольцы 3.865 арлоў-маркутоў, прычым большасць з іх як птушаняты. У сярэднім сотня маладых птушак на гнёздах кальцуецца штогод – у залежнасці ад поспеху гнездавання гэтая лічба можа быць троху большай ці меншай.
Большасць фінскіх маркутоў гняздуе на поўначы краіны, у рэгіёне з паўночнымі аленямі. Раней арлы пераследаваліся там, але цяпер уладальнікі аленяў атрымліваюць кампенсацыі ў залежнасці ад колькасці гнёўл арлоў у дадзенай мясцовасці. Як вынік, адстрэл арлоў значна зменшыўся і папуляцыя паволі павялічваецца. Вельмі магчыма, што з-за гэтага птушкі вярнуліся на месцы гнездавання туды, дзе раней былі вынішчаныя чалавекам. Аднак дагэтуль від застаецца рэдкім, і на ўсю Фінляндыю ацэнка колькасці ўсяго ў 300-400 пар.
Паводле www.helsinki.fi падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак арла-маркута з поўначы Беларусі Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Найстарэйшы арол знойдзены мёртвым
Не толькі арлы-маркуты будуць лепш ахоўвацца ў Шатландыі
Самы стары нямецкі белы бусел наведаў Чэхію
Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства
Сакрэты доўгага жыцця птушак
Новы рэкорд самай старай дзікай птушкі, якая ўсё яшчэ размнажаецца
Самы стары ў Свеце сярэдні кулён паходзіць з Шэтландзкіх астравоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ