Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты

Зебравыя амадзіны (Taeniopygia guttata) ўжо дапамаглі нам лепш зразумець некаторыя асаблівасці сацыяльнага жыцця птушак. І вось новае даследаванне паказала, што рост і развіццё разам з вялікай колькасцю сіблінгаў (братоў і сёстраў) робяць зебравых амадзін больш сацыяльна актыўнымі ў далейшым.

 Адпаведна птушаняты з меншай колькасцю сіблінгаў у гняздзе вырастаюць менш прыстасаванымі да ўтварэння сацыяльных сувязяў у дарослым жыцці.  

Каманда навукоўцаў назірала за дзікімі зебравымі амадзінамі ў штаце Новы Паўднёвы Уэльс (Аўстралія) і знайшла, што памер вывадка – галоўны фактар, які вызначае наколькі камунікабельнымі птушкі будуць у дарослым жыцці.

Каб растлумачыць гэты фенамен, даследчыкі звязалі яго са стрэсам, які птушаняты атрымлівалі пад час росту і развіцця на гняздзе з-за канкурэнцыі з сіблінгамі за ежу.

Зебравыя амадзіны ўтвараюць пары на ўсё жыццё і абодва з бацькоў ўдзельнічаюць у даглядзе патомства. Таму бацькоўскі ўклад вельмі важны для адпаведнага развіцця птушанят.

Здольнасць быць больш адкрытым на сацыяльныя кантакты і менш пераборлівым можа павялічваць выжывальнасць амадзін і іх патомства, таму што прыводзіць да больш ранняй незалежнасці ад бацькоўскага дагляду.

Амадзіны з большых вывадкаў спакойна сыходзіліся з птушкамі з розных груп  і харачаваліся разам з імі. Гэта сведчыць пра іх выдатныя сацыяльныя схільнасці.

Праф. Сайман Грыфіф (Simon Griffith) з універсітэту Macquarie лічыць, што знойдзеныя заканамернасці сведчаць пра тое, што індывідуальная здольнасць да камунікабельнасці закладаецца ў самым пачатку жыцця.

Ён сказаў: "Гэтае даследаванне тлумачыць чаму сутракаюцца розныя ў адносінах да камунікабельнасці асобіны птушак. Сацыяльнасць- важны аспект індывідуальнасці і можа ўсё жыццё ўздзейнічаць як на выбар партнёра,так і на доступ да іншых важных рэсурсаў. І хаця мы яшчэ не можам растлумачыць чаму стрэс у пачатку жыцця прыводзіць да большай камунікабельнасці, аднак даследаванне прыводзіць ясныя сведчанні таго, што ўмовы ранняга постэмбрыянальнага развіцця могуць вызначаць індывідуальныя сацыяльныя паводзіны і нават сацыяльныя структуры ў групах птушак”.  

 

Крыніца:

 Hanja B. Brandl et al. Early-life social environment predicts social network position in wild zebra finches, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2019). DOI: 10.1098/rspb.2018.2579

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.audubon.org

 

 

На гэтую тэму:

Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці

СТРЭС У ПАЧАТКУ ЖЫЦЦЯ ПОТЫМ АДЧУВАЛЬНЫ Ў ПЕСНІ ДАРОСЛАГА САМЦА

СІНІЦАМ НЕ ПЕРАЗІМАВАЦЬ АСОБНА, БЕЗ ГРУПЫ

ПТУШКІ: ДАПАМАГАЙ І ТАДЫ ДАПАМОГУЦЬ І ТАБЕ?

Разумнейшыя самцы птушак маюць больш шанцаў у самак

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Малодшае птушанё найбольш цікаўнае?