Для некаторых відаў не з’яўляецца незвычайным, калі маладыя птушкі (т.зв. ‘хэлперы’ – helpers) дапамагаюць гадаваць патомства сваім бацькам. Аднак якія менавіта фактары ўздзейнічаюць на падобны выбар птушак, было не вельмі зразумела. Пад час палявых эксперыментаў навукоўцы з універсітэту штата Фларыда (FSU, ЗША) пастараліся знайсці адказ.
Каманда ўніверсітэцкіх даследчыкаў на працягу пяці гадоў назірала за карычнегаловымі папаўзнямі (Sitta pussila) разам з калегамі з Tall Timbers Research Station
З самага пачатку было вырашана праверыць гіпотэзу, што недахоп дарослых самцоў можа быць адной з прычын дапамогі маладых птушак сваім ці іншым бацькам. Каб праверыць яе, навукоўцы маніпуліравалі суадносінамі самцоў і самак у лакальнай папуляцыі на Tall Timbers. Для гэтага былі выбраныя 2 тэрыторыі агулам з 72 гнёздамі, на адной з якіх стваралі або значна большую колькасць самцоў, або самак сярод птушанят. Паміж гэтымі тэрыторыямі птушанят не чапалі для кантролю.
Эксперыменты паўтарылі два гады запар, а потым адзін год не маніпулявалі суадносінамі палоў у попаўзняў. Пасля гэтага, перавагу ў колькасці самцоў і самак сярод птушанят памянялі месцамі на раней абраных тэрыторыях для маніпуляцый.
"Мы спрабавалі зразумець кааперацыю ў гадаванні патомства з перспектывы недахопу партнёраў для ўласнага размнажэння маладых птушак” – сказала праф. Эмілі Д’юВаль (Emily DuVal) з FSU. "Кааператыўнае гнездаванне – складанае сацыяльнае ўзаемадзеянне. Наша ідэя была ў тым, каб паспрабаваць змяніць гэтае складанае ўзаемадзеянне простымі маніпуляцыямі”.
Навукоўцы сцвярджаюць, што тыя лакальныя папуляцыі, дзе яны значна змянілі суадносіны палоў, мелі значна больш птушак, якія дапамагалі гнездаваць іншым парам і не выбіралі жыць па-асобку ці шукаць патэнцыйнага партнёра недзе далей. Асноўнай дапамогай ад хэлпераў былі пошук ежы і кармленне птушанят або самкі на гняздзе. Часам яны таксама дапамагалі і ў абароне гнязда.
Хаця папярэднія назіранні казалі пра тое, што сярод тыповых хэлпераў больш самцоў, на тэрыторыях з маніпуляцыяй суадносінамі палоў адбывалася павелічэнне дапамагаючых і сярод самцоў, і сярод самак.
Гэта быў першы эксперымент падобнага маштабу, які прадэманстраваў ролю суадносін палоў на колькасць хэлпераў у папуляцыі.
Далёка не сярод ўсіх відаў птушак сустракаюцца хэлперы, аднак сярод варон і соек гэта параўнальна звычайная з’ява. Цікава, што ў некаторых відаў зязюль сустракаюцца і больш складаныя ўзаемадзеянні пад час гнездавання.
Крыніца:
James A Cox et al, Manipulated sex ratios alter group structure and cooperation in the brown-headed nuthatch, Behavioral Ecology (2019). DOI: 10.1093/beheco/arz030
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.allaboutbirds.org
На гэтую тэму:
Птушкі: дапамагай і тады дапамогуць і табе?
ЯК НЯЎДАЧЫ ПЕРАТВАРАЮЦЬ КАМУНАЛЬНА ГНЯЗДУЮЧЫХ ЗЯЗЮЛЯЎ У ГНЕЗДАВЫХ ПАРАЗІТАЎ
ЧЫМ БОЛЬШ БРАТОЎ-СЁСТРАЎ У ГНЯЗДЗЕ, ТЫМ БОЛЬШ КАМУНІКАБЕЛЬНЫМІ ВЫРАСТАЮЦЬ ПТУШАНЯТЫ
“Замяні мяне!” - як птушкі - партнёры ў пары паведамляюць адно аднаму пра гэта
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ