Параўнанне мітахандрыяльнай ДНК (мтДНК) тoнкадзюбага кулёна (Numenius tenuirostris) (якога лічаць хутчэй за ўсё зніклым відам) з аналагічна секвеніраванымі мтДНК іншых відаў кулёнаў паказала, што знойдзеныя адрозненні цалкам дазваляюць лічыць тoнкадзюбага паўнапраўным відам.
Апошняе пацверджанае назіранне тoнкадзюбага кулёна адбылося ў 1995 годзе ў лагуне Merja Zerga, Марока. Наступныя назіранні, улічваючы рэгістрацыю 2001 года ў Венгрыі, не былі зацверджаныя камітэтамі па рэдкасцях адпаведных краін. Таму менавіта гэтая лагуна ў Марока застаецца найлепш вядомым месцам зімоўкі віда, як мінімум ў 1980-я і першую палову 1990-х.
Аднак хаця збольшага мы ведаем пра месцы зімоўкі тонкадзюбых кулёнаў і адпачынку пад час міграцыі, пра месцы гнездавання невядома амаль нічога пэўнага. Адзінае месца, дзе былі знойдзены першыя і апошнія вядомыя гнёзды гэтага віду – усе да 1924 г. – знаходзіцца пад Омскам, у Паўднёва-Заходняй Сібіры (Расія). Дзякуючы сучасным метадам параўнання ізатопнага складу пер’яў кулёнаў з музейных калекцый з мапамі распаўсюджання ізатопаў навукоўцы цяпер лічаць, што балоты пад Омскам хутчэй за ўсё былі на краю асноўнага арэала віду, які знаходзіўся далей на поўдзень – у паўночным Казахстане. Аднак і там від не быў аднойдзены пад час адмыслова арганізаваных пошукаў.
Хаця відавы статус тонкадзюбага кулёна ніколі не ставіўся пад сумнеў, яго месца на філагенетычным дрэве рода было неясным, бо вызначалася толькі марфалагічнымі асаблівасцямі. Цяпер, дзякуючы публікацыі расейскіх даследчыкаў, від можна ўпэўнена змясціць побач з далёкаўсходнім кулёнам (N. madagascariensis) і вялікім кулёнам (N. arquata), аднак бліжэй да апошняга.
Цікава, што мтДНК была атрымана для аналізу са скуры і пер’яў адзінага экземпляра, забітага над Крымам яшчэ ў 1855 годзе!
Крыніца:
Sharko, F. S., Boulygina, E. S., Rastorguev, S. M., Tsygankova, S. V., Tomkovich, P. S. & Nedoluzhko, A. V. 2019. Phylogenetic position of the presumably extinct slender-billed curlew, Numenius tenuirostris.Mitochondrial DNA Part A doi: 10.1080/24701394.2019.1597862
Паводле www.magornitho.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак пудзіла з Huub Veldhuijzen van Zanten/Naturalis Biodiversity Center з www.en.wikipedia.org
На гэтую тэму:
Дзе гняздуе птушка-прывід – тонкадзюбы кулён?
Бёдуотчары шукаюць кулёна, якога ніхто не бачыў з 1999 году
Танкадзюбы кулён выкрэслены са Спісу птушак Вялікабрытаніі
Амерыканцы спадзяюцца знайсці эскімоскага кулёна
У 2018 годзе афіцыйна прызналі зніклымі яшчэ 3 віды птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ