Рэінтрадукаваныя ў прыроду гавайскія вароны збудавалі першае гняздо!

Гавайскія вароны, або алала (Corvus hawaiiensis), упершыню за дзесяцігоддзі ізноў загнездавалі на Гавайскіх астравах у прыродных умовах. У 1994 годзе ўся папуляцыя гэтых эндэмічных варон налічвала не больш 30 птушак, з якіх ад 8 да 12 знаходзіліся ў прыродзе і 19 утрымліваліся ў няволі. У 2002 годзе апошнія дзве дзікія птушкі зніклі на Гаваях і від дагэтуль мае статус Зніклага ў прыродзе (Extinct in the Wild). Аднак пасля апошняй рэінтрадукцыі разведзеных у пітомніках птушак цяпер з’явілася рэальная надзея на аднаўленне віда.

Апошнія гады ў двух пітомніках на Гавайскіх астравах (Keauhou і Maui Bird Conservation Centers), якія з’яўляюцца філіяламі заапарка Сан Дыега  (San Diego Zoo Global), і працуюць паводле праграмы па ўзнаўленню і ахове відаў-эндэмікаў Гаваяў, якім пагражае знікненне (Hawaii Endangered Bird Conservation Program), утрымліваліся 115 гавайскіх варон.

Цяпер 21 птушка была выпушчаная ў рэзерват Puu Makaala на Вялікім востраве і самастойна збудаванае выпушчанымі варонамі першае гняздо, пасля некалькіх гадоў падрыхтоўкі да гэтага, дае надзею на вяртанне віда ў прыроду.

https://youtu.be/HTsV7i4IPEU

Каб павялічыць шанцы птушак на самастойнае жыццё, персанал, які гадаваў птушак у пітомніках, апранаў спецыяльныя касцюмы каб не даць магчымасці птушанятам імпрынтаваць на людзях. Акрамя гэтага, каб зменшыць страты варон ад прыроднага ворага – гавайскага шуляка – птушанятам паказвалі пудзілы шулякоў і адначасова ўключалі запіс голасу, які вароны падаюць адна адной пад час небяспекі.

Аднак зразумела, што каб сцвярджаць поспех рэінтрадукцыі, выпушчаныя ў прыроду птушкі павінны як мінімум пачаць самастойна размнажацца і паступова аднавіць “дзікую” папуляцыю. І сама пабудова гнязда, без яшчэ не адкладзеных яек, толькі самы пачатак новага этапа рэінтрадукцыі гавайскіх варон.

Наступны выпуск яшчэ адной групы варон у прыроду адбудзецца пазней у гэтым годзе.

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.islandconservation.org

 

 

На гэтую тэму:

Гавайскія вароны гатовы вярнуцца ў прыроду

Гавайскія вароны далучыліся да інтэлектуальнай эліты птушак + VIDEO

Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду

Вяртанне грывастага ібіса ў Еўропу праз 400 гадоў адсутнасці - контраверсійны праект працягваецца

ПАСПЯХОВА ВЫЛУПІЛАСЯ ПТУШАНЁ ГУАМСКАГА ЗІМАРОДКА - ВІДА, ЯКІ ЗНІК У ПРЫРОДЗЕ

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.