Сёлета абноўлены Чырвоны спіс МСАП (IUCN Red List of Threatened Species) абвесціў пра ўнікальную перамогу ў захаванні птушак: пасля паспяховага аднаўлення зніклага ў прыродзе каліфарнійскага кондара, гуамскі пастушок (Hypotaenidia owstoni) стаў другім падобным відам!
Некалі шырока распаўсюджаны на востраве Гуам як параўнальна шматлікі эндэмік, гэты нелятаючы від птушак амаль цалкам знік у прыродзе. Асноўнай прычынай гэтага стала выпадковая інтрадукцыя некалькіх бурых дравесных змей, якія трапілі на востраў у заходняй частцы Ціхага акіяну дзякуючы ваеннаму караблю ВМС ЗША на прыканцы Другой Сусветнай вайны.
Змеі моцна змянілі мясцовыя экасістэмы: праз некалькі гадоў тут зніклі тры мясцовыя віды-эндэмікі птушак і яшчэ некалькі відаў апынуліся ля мяжы знікнення. У 1987 годзе, як апошняя спроба выратаваць пастушка, 21 асобіна была адлоўлена для развядзення ў няволі і наступнай рэінтрадукцыі.
Сёння, пасля 35 гадоў пасля гэтай падзеі, нарэшце афіцыйна было абвешчана пра першы поспех: невялікая папуляцыя гуамскіх пастушкоў была выпушчаная і паспяхова жыве на суседнім з Гуамам востраве Какос (Cocos), куды змеі не дабраліся. Аднак праблема з захаваннем віда засталася – справа ў тым, што плошча Какоса толькі 38 га, і наўрацці пастушкі змогуць тут моцна павялічыць сваю колькасць. Таму віду зменены статус на Крытычна пагражаемы (Critically Endangered).
Яшчэ адзін від птушак, якому пагражала рэальнае знікненне ўжо ў бліжэйшыя гады і які змаглі вярнуць з мяжы забыцця, паходзіць з Маўрыкія. Маўрыкійскі папугай (Psittacula eques), эндэмік вострава, працягвае паступова павялічваць сваю колькасць дзякуючы вельмі паспяховаму развядзенню ў няволі і рэінтрадукцыі.. Зараз у прыродзе налічваецца каля 750 папугаяў. Таму віду зменены статус на Уразлівы (Vulnerable), у 2007 папярэдні статус быў зменшаны з Critically Endangered на Endangered.
"Вяртанне гуамскага пастушка і маўрыкійскага папугая – фантастычныя прыклады наколькі эфектыўнымі могуць быць дзеянні па ахове прыроды, калі яны добра прадуманы і правільна рэалізуюцца” – сказаў д-р Йэн Барфілд (Dr Ian Burfield), прадстаўнік BirdLife. "Аднак неабходна памятаць, што далёка не ўсе віды могуць быць вернутыя з мяжы знікнення, асабліва калі іх прыродныя месцапражыванні знішчаныя. Таму ў першую чаргу неабходна захоўвываць прыродныя экасістэмы, каб папярэдзіць знікненні”.
Паводле www.birdguides.com падрыхтваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі з www.zoochat.com і www.milestothewild.com
На гэтую тэму:
Арахнаапакаліпсіс: без птушак павукі на Гуаме правяць баль
Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды
Рэінтрадукаваныя ў прыроду гавайскія вароны збудавалі першае гняздо!
Паспяхова вылупілася птушанё гуамскага зімародка - віда, які знік у прыродзе
Вяртанне грывастага ібіса ў Еўропу праз 400 гадоў адсутнасці - контраверсійны праект працягваецца
У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе
Паспяховы працяг грандыёзнага праекту па ўзнаўленні прыродных экасістэм на востраве Мана
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ