Знайшлі тушку рагатага жаўрука, якой 46 тысяч гадоў

У якуцкай вечнай мерзлаце знайшлі добра захаваную тушку вераб’інай птушкі, якая аказалася рагатым жаўруком (Eremophila alpestris). Дзякуючы радыёўгляроднаму датаванню, атрымалася вызначыць і яе ўзрост.

Недалёка ад пасёлка Белая гара т.зв. паляўнічыя за біўнямі мамантаў выпадкова вымылі вадой і тушку невялікай птушкі. Звычайна падобныя дробныя аб’екты іх не цікавяць, але ў гэты раз птушка трапіла да навукоўцаў, у аддзел вывучэння мамантавай фауны Акадэміі навук Рэспублікі Саха (Якуціі). Каб вызначыць знаходку да віду і атрымаць іншыя звесткі пра яе, міжнародная каманда даследчыкаў з Расіі, Швецыі, Вялікабрытаніі і ЗША выкарыстала сучасныя метады. Радыёвугляроднае датаванне паказала, што птушка жыла прыкладна 46 тысяч гадоў таму, а аналіз ДНК – што гэта самка рагатага жаўрука.

У даследаваннях удзельнічаў і Nicolas Dussex з Шведзкага музею прыроды, які сказаў, што знаходка “бясцэнная”, тушка вельмі добра захавалася і гэта дазволіла без праблем атрымаць ДНК для параўнаўчага генетычнага аналіза.

У рагатага жаўрука вылучаюць да 42 падвідаў, з якіх у паўночнай частцы Еўразіі жывуць два: стэпавы рагаты жаўрук (E. a. brandti) сустракаецца на паўднёвым усходзе Расіі, на захадзе Манголіі і поўначы Кітая, а тундравы рагаты жаўрук (E. a. flava) гняздуе ў тундры Еўразіі. Знойдзены жаўрук адпаведна з генетычным аналізам быў прэдкавай формай гэтых двух сучасных падвідаў і жыў да таго, як яны раздзяліліся. Прыкладна 40 - 50 тысяч гадоў таму гіганцкія прасторы Азіі былі пакрытыя тундрастэпам, якія пазней раздзяліліся на тундру і стэп, што прывяло і да падзелу рагатых жаўрукоў на падвіды.

 

Крыніца:

Nicolas Dussex et al. Biomolecular analyses reveal the age, sex and species identity of a near-intact Pleistocene bird carcass // COMMUNICATIONS BIOLOGY | (2020) 3:84 | https://doi.org/10.1038/s42003-020-0806-7 

Паводле www.edition.cnn.com  (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Птушанё узростам 99 мільёнаў гадоў знойдзенае ў бурштыне

Старажытныя птушкі застаўлялі сваіх драпежнікаў з хвастом?

ЯК АДБЫВАЛАСЯ ЭВАЛЮЦЫЯ РАЗМНАЖЭННЯ ПТУШАК