Птушанё узростам 99 мільёнаў гадоў знойдзенае ў бурштыне

Старажытны бурштын з М’янмы ізноў паказаў, якія значныя для палеанталогіі і нашых уяўленняў пра эвалюцыю вялікіх таксонаў жывёл адкрыцці могуць быць здзейснены з дапамогай гэтага незвычайнага прыроднага матэрыялу для захавання парэшткаў даўно вымерлых відаў. З дапамогай кампьютэрнай тамаграфіі атрымалася ўбачыць самыя камплектныя парэшткі старажытнага птушаня ў бурштыне даўжынёй каля 10 см. Яго ўзрост быў вызначаны амаль на 100 мільёнаў гадоў.

Захаванае пер’е паказвае, што птушанё, якое трапіла ў смалу, ужо было апераным і пражыло як мінімум першыя дні або нават тыдні. Косткі, скура і мяккія тканкі таксама трапілі ў бурштын і забяспечваюць навукоўцаў унікальнай інфармацыяй пра даўно зніклую групу птушак.

Махавае пер’е, якое захавалася на крылах, даказвае, што тагасныя птушаняты адразу пасля вылуплення маглі лятаць у адрозненне ад птушанят сучасных птушак.

рэканструкцыя

Рэканструкцыя знешняга выгляду: CHUNG-TAT CHEUNG

Падрабязная публікацыя пра некаторыя вынікі вывучэння знаходкі з’явілася ў часопісе Gondwana Research.

Паводле даследчыкаў, птушанё належала да вялікай групы ранніх птушак, якіх аб’ядноўваюць пад назвай Еnantiornithes, - гэтыя птушкі жылі параўнальна доўгі час разам з дыназаўрамі на прыканцы крэйдавага перыяду і вымерлі прыкладна 65 мільёнаў гадоў таму.

 Захаванае пер’е мае карычневую, цёмна-шэрую і белую афарбоўку. Негледзячы на тое, што махавыя маюць амаль скончанае развіццё і вельмі падобную структуру на перхе сучасных птушак, пакроўнае пер’е не мае цэнтральнага жорсткага стрыжня (рагіса) і падобнае на пер’е апераных дыназаўраў.

пер'е

Падобнае падоўжанае эмбрыянальнае развіццё унутры яйка не сустракаецца ў сучасных птушак за выключэннем групы смеццевых кур, птушанты якіх падобна да птушанят энанціарніт могуць лятаць амаль адразу пасля вылуплення і цалкам незалежныя ад дапамогі бацькоў. Аднак падобная незалежнасць не заўсёды дапамагала маладым энанціарнітам паспяхова выжыць і таму даследчыкі параўнальна часта знаходзяць парэшткі птушанят менавіта гэтай групы ў скамянелым выглядзе. Варта падкрэсліць, што ніводная іншая група птушак з крэйдавага перыяду не прадстаўлена скамянелымі парэшткамі птушанят.

Усе цікавыя знаходкі ў старажытным бурштыне паходзяць з шахт у даліне Hukawng з Паўночнай М’янмы. Іх узрост фактычна супадае з крэйдавым перыядам і ацэньваецца паміж 145,5 і 65,5 мільёнамі гадоў.

Бурштын з птушанём быў куплены яшчэ ў 2014 годзе Гуангам Чэнам (Guang Chen), дырэктарам Hupoge Amber Museum у горадзе Tengchong (Кітай), а потым быў перададзены у Кітайскі універсітэт навук аб Зямлі камандзе навукоўцаў, якую ачольвае Ліда Ксінг (Lida Xing), якая адразу вызначыла парэшткі належачымі да прадстаўніка  энанціарніт. "Я думала, што нам пашанцавала (толькі) на ногі і некаторае пер’е, аднак кампутарная тамаграфія бурштына паказала, што ўнутры чакаў вялікі, влікі, вялікі сюрпрыз”. – сказала Ксінг.

Бурштын з птушанём цяпер выстаўлены ў музеі, якім кіруе яго пакупнік - Hupoge Amber Museum, аднак у канцы чэрвеня на месяц павандруе ў Шанхай ў мясцовы Музей натуральнай гісторыі.  

Паводле www.news.nationalgeographic.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

здымкі MING BAI, CHINESE ACADEMY OF SCIENCES

 

 

На гэтую тэму:

ЯК АДБЫВАЛАСЯ ЭВАЛЮЦЫЯ РАЗМНАЖЭННЯ ПТУШАК

Бурштын з пер’ем дыназаўра знойдзены ў М’янме

КРЫЛЫ ДЫНАЗАЎРАЎ УЗНІКЛІ ДЛЯ ШЛЮБНЫХ ПАКАЗАЎ 

 Крэўны тыраназаўра – самая вялікая апераная істота на Зямлі

 ЯК ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ ПЕР’Е ДЫНАЗАЎРЫ?

 НОВЫ ДЫНАЗАЎР ДАПАМАГАЕ ЗРАЗУМЕЦЬ ЯК ПАЎСТАЛА КРЫЛО ПТУШАК 

 Знойдзены парэшткі “чатырохкрылага” дыназаўра

 Чатырохкрылыя дыназаўры мелі чорнае пер’е з металічным адлівам

Дыназаўры мусілі моцна зменшыцца, каб стаць птушкамі