Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак

Новае маштабнае міжнароднае даследаванне прыйшло да высновы, што хатнія коцікі, якіх гаспадары выпускаюць на нейкі час “пагуляць”, аказваюць значнае ўздзеянне на лакальныя папуляцыі дзікіх птушак і іншых жывёл невялікага і сярэдняга памеру. Было знойдзена, што хатнія каты забіваюць ад 2 да 10 разоў больш ахвяраў, чым маглі б гэта зрабіць тэрытарыяльныя дзікія драпежнікі падобнага памеру.

Навукоўцы з універсітэту і Музею прыроды штата Паўночнай Караліны (ЗША) у супрацы з даследчыкамі з Dartmouth College; East Carolina University; SciStarter; University of Exeter (Вялікабрытанія); Victoria University of Wellington (Новая Зеландыя); University of South Australia і грамадзкасцю 6 краін (з іх – трох еўрапейскіх), збіралі дадзеныя пра перамяшчэнні свойскіх катоў (Felis catus) і пра колькасць іх ахвяр. Усяго дадзеныя былі атрыманыя пра 925 коцікаў, у асноўным з ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і Вялікабрытаніі.

"З-за таго, што гаспадары кормяць сваіх гадаванцаў адмысловай ежай, каты забіваюць менш ахвяр, чым дзікія драпежнікі. Аднак тэрыторыі свойскіх катоў настолькі невялікія, што ў выніку эфект іх драпежніцтва вельмі канцэнтраваны” – сказаў Roland Kays, галоўны аўтар артыкула па выніках даследавання. “Калі ж дадаць да гэтага надзвычай высокую шчыльнасць хатніх катоў у некаторых месцах, то рызыка для папуляцый дзікіх птушак і дробных звяроў значна павялічваецца”.

Навукоўцы вырашылі вызначыць экалагічнае ўдзеянне свойскіх катоў – у адрозненне ад бадзяжных, яны маюць пастаяннае месца жыхарства ў нашых дамах і дагляд ад сваіх гаспадароў. Для гэтага гаспадары коцікаў размяшчалі на сваіх катах GPS-перадатчыкі, каб адсачыць перамяшчэнні іх гадаванцаў па-за памяшканнямі, а таксама іх прасілі падлічваць усіх ахвяр, якіх каты прыносілі дахаты.

"Мы ведаем, што свойскія каты забіваюць вельмі шмат дзікіх жывёл – існуюць ацэнкі, што ў ЗША гэта ад 10 да 30 мільярдаў ахвяр штогод. Аднак мы не ведаем две вельмі важныя рэчы: на якой плошчы гэта адбываецца і наколькі гэта адрозніваецца ад таго, што робяць дзікія драпежнікі” – сказаў Kays.

Атрымалася, што ў хатніх коцікаў параўнальна невялікая ўласная тэрыторыя вакол дома, якую яны пастаянна наведваюць - 3.6±5.6 га. Толькі тры з іх наведвалі тэрыторыю плошчай больш 1 км2;; таксама не было знойдзена ўзaемасувязі паміж прысутнасцю дзікіх драпежнікаў большага памеру – такіх напрыклад, як кайот (Canis latrans) з памерамі тэрыторыі катоў. Большасць з хатніх драпежнікаў (75%) амаль выключна выкарыстоўвалі для паляванняў (у 90%) змененыя чалавекам біятопы. Гаспадары катоў паведамілі, што іх гадаванцы ў сярэднім прыносілі 3,5 здабычы дадому штомесяц. З улікам карэктыроўкі колькасці ахвяраў (бо далёка не ўсіх забітых жывёл каты прыносяць нез’едзенымі туды, дзе жывуць) атрымалася, што хатні коцік, якога пастаянна выпускаюць “пагуляць” на вуліцу, забівае ў сярэднім ад 14.2 да 38.9 ахвяр за год на 1 гектары. Гэта падобная або вышэйшая лічба, калі параўноўвываць, напрыклад, з дзікім драпежнікам падобнага памеру – джунглевым катом (Felis chaus). Апошні забівае ў сярэднім 390 грызуноў у месяц, але на тэрыторыі плошчай каля 600 га. Аднак тэрыторыі палявання хатніх катоў могуць значна перакрывацца паміж сабой з-за іх ненатуральна высокай шчыльнасці, якую падтрымліваюць людзі. Таму атрыманыя лічбы драпежніцтва на 1 га павінны быць павялічаны ў сярэднім ад 2 да 10 разоў для розных месцаў.

Крыніца:

Roland Kays et al. 2020 The small home ranges and large local ecological impacts of pet cats. Animal Conservation March 11, 2020. DOI: 10.1111/acv.12563

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.audubonva.org

 

На гэтую тэму:

НАВУКОЎЦЫ: У ЕЎРАЗВЯЗЕ НЕЗАКОННА ВЫПУСКАЦЬ КАТОЎ “ПАГУЛЯЦЬ”

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

Бадзяжныя каты – адна з найбольшых пагроз сусветнай біяразнастайнасці

ЯКІХ ПТУШАК І Ў ЯКОЙ КОЛЬКАСЦІ ЗАБІВАЮЦЬ СВОЙСКІЯ КАТЫ: ДАДЗЕНЫЯ З БЕЛЬГІІ І ФРАНЦЫІ

Звычайныя віды птушак у Еўропе перастаюць быць звычайнымі