Інвазія ружовых шпакоў у Еўропу і першае гнездаванне віду ў Францыі

З перапынкам у год сёлета на прыканцы мая і ў пачатку чэрвеня адбылася чарговая маштабная і масавая інвазія ружовых шпакоў (Pastor roseus) на захад і поўнач ад ранейшага арэалу. Адным з вынікаў гэтага стала гнездаванне некалькіх птушак у Францыі – першае для гэтай краіны.

Каля 20 пар утварылі ў чэрвені невялікую калонію ў дэпартаменце Alpes-de-Haute-Provence, на паўднёвым усходзе Францыі. Упершыню птушак адзначылі там 09.06, а пазней некалькі пар засталіся і самцы пачалі спяваць.

Тыпова для віда, птушкі занялі нішы ў старых будынках і ў сярэдзіне ліпеня выляцелі з гнёзд першыя маладыя птушкі. Усяго было адзначана 15 актыўных гнёзд, з якіх выляцелі агулам не менш 15 птушанят.

Цікава, што гэта другая такая масавая інвазія ружовых шпакоў у Францыі, першая адбылася ў 2018 годзе. Агулам сёлета вядома пра не менш 1500 птушак, большасць з якіх зарэгістраваная для усходу і поўдня краіны.

Не такой маштабнай, але таксама масавай атрымалася інвазія віда на Брытанскія астравы- з канца мая стала вядома пра прыкладна 200 адзначаных у розных месцах Вялікабрытаніі шпакоў. Папярэдняя інвазія падобнага ўзроўню адбылася тут ў 2002 годзе.

Вельмі падобным да 2018 году адбыўся налёт ружовых шпакоў у Аўстрыі, прычым некаторыя самцы з груп у 20 птушак спявалі і займавалі гнездавыя тэрыторыі, аднак выпадкаў гнездавання там невядома.

Птушкі хутка даляцелі да паўночна-усходняй Італіі і 25.05 першыя ружовыя шпакі ўжо назіраліся ў Францыі, дзе пазней рэгістравалі групы ад 20 да амаль 50 асобін.

Хаця некалькі рэгістрацый віда вядома ў чэрвені і ліпені і для Польшчы, нават недалёка нашай заходняй мяжы, у Беларусі сёлета ружовыя шпакі не адзначаны. Адзінай вядомай сучаснай рэгістрацыяй віда застаецца назіранне ажно з мая 1979 году з Мастоўскага раёна Гарадзеншчыны.

З пачаткам гэтага стагоддзя від паступова пашыраў гнездавы арэал на захад і ўжо каланізаваў часткі Балгарыі і Румыніі. Усё больш частыя, масавыя і маштабныя інвазіі ружовых шпакоў на поўнач і захад звязваюць са зменамі клімата і надзвычай цёплымі вёснамі ў апошнія дзесяцігоддзі.

Паводле www.birdguides.com падрыхтваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.pbase.com

 

На гэтую тэму:

СТЭПАВЫЯ ЛУНІ СЁЛЕТА ЎПЕРШЫНЮ ГНЕЗДАВАЛІ Ў ЧЭХІІ

БАГАТЫ НА СЕНСАЦЫІ: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ-2020