Новаапісаны від хутчэй за ўсё ўжо знік у прыродзе

Нядаўна апублікаваная міжнароднай камандай даследчыкаў таксанамічная праца пацверджвае, што пегая майна, таксама вядомая як пегі азіяцкі шпак (Gracupica contra) насамрэч аб’ядноўвае тры самастойныя віды. Прычым адзін з гэтых відаў, на жаль, ужо знік у прыродзе.

Часам тэрміновыя і неабходныя акцыі па ахове ці ратаванні знікаючых відаў адкладваюцца з-за таксанамічных няпэўнасцяў у іх таксанамічным статусе. Найчасцей гэтак атрымліваецца з тымі відамі, якія папулярны ў гандляроў птушкамі і менавіта ва ўмовах няволі могуць скрыжоўвацца і даваць гібрыднaе патомства. Таму для таго, каб параўнаць “чыстых” асобін паміж сабой i вызначэння іх таксанамічнага статусу, навукоўцы выкарысталі біялагічны матэрыял са скурак, якія захоўваюцца ў розных музеях па ўсяму Свету і максімальна прадстаўляюць асобін з розных участкаў арэалу.

Дзякуючы параўнанню ДНК, былі вызначаныя тры вельмі розныя лініі відавога рангу, паміж якімі не знайшлі пераходаў. А гэта сведчыць пра параўнальна працяглую адсутнасць гібрыдызацыі і патоку генаў паміж лініямі нават у зонах кантактаў. Гэтыя дадзеныя сведчаць у падтрымку падзелу аднаго віда на тры, які прынялі нядаўна некаторыя таксаномы, уключна з BirdLife International.

На жаль, гэтае рашэнне было прынята запозна для яванскай формы, а зараз віду G. jalla, які не адзначаўся ў прыродзе як мінімум апошнія 20 гадоў. Добра хоць птушкі гэтага новавылучанага віда сярэбранай афарбоўкі ў вялікай колькасці ўтрымліваюцца калекцыянерамі і ў пітомніках некаторых прыродаахоўных арганізацый, таму від не лічыцца зусім зніклым. Аднак многія азіяцкія пегія шпакі ў прыватных калекцыях – гэта рознай ступені гібрыды паміж новавылучанымі відамі.

мапа

Мапа, якая паказвае распаўсюджанне 5 былых падвідаў азіяцкага пегага шпака (Gracupica contra): contra, sordida, superciliaris, floweri і jalla і дыяграму з адрозненнямі, знойдзенымі паміж ДНК прадстаўнікоў трох ліній. Чорныя трохвугольнікі паказваюць паходжанне скурак для параўнання ДНК. Map showing the Asian distribution, sampling localities, and population structure for the five taxa of Pied Myna. Black triangles depict wild sampling localities. From Baveja et al (Wiley Online Library).

Адпаведна з атрыманымі дадзенымі, аўтары публікацыі прапануюць наступны падзел:

Індыйскі пегі шпак (Indian Pied Starling) Gracupica contra

Уключае былыя падвіды contra (большая частка Індыйскага сабкантыненту, разам з сінанімічнай формай sordida з усходу Ассама) і superciliaris (большасць М’янмы і частка правінцыі Yunnan (Кітай), с мяжой распаўсюду па поўдні М’янмы.

Таіландзкі пегі шпак Thai Pied Starling Gracupica floweri

Монатыпічны від; распаўсюджаны на большай частцы Таіланда і Камбоджы. 

Яванскі пегі шпак Javan Pied Starling Gracupica jalla

Монатыпічны; яшчэ ў мінулым стагоддзі сустракаўся шырока на Яве і Балі, аднак хутчэй за ўсё ўжо знік у прыродзе.

 

Крыніцы: Baveja, P, Garg, K M, Chattopadhyay, B et al. 2020. Using historical genome-wide DNA to unravel the confused taxonomy in a songbird lineage that is extinct in the wild.Evolutionary Applications.00:1-12. https://doi.org/10.1111/eva.13149
BirdLife International 2020. Species factsheet:Gracupica jalla. Retrieved from www.birdlife.org (accessed 12 January 2021).

 

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак віду з Таіланда) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Паспяхова вылупілася птушанё гуамскага зімародка - віда, які знік у прыродзе

Гуамскі пастушок вернуты ў прыроду пасля 35 гадоў знікнення + іншыя добрыя навіны гэтага году

У бліжэйшы час адзін з чатырох падвідаў саваннай стрынаткі знікне ў дзікай прыродзе

У заапарку вывялі птушаня віду, цалкам зніклага ў прыродзе

У 2018 годзе афіцыйна прызналі зніклымі яшчэ 3 віды птушак