Каманда амерыканскіх навукоўцаў у якасці аднаго з самых нечаканых вынікаў вялікага генетычнага даследавання сцвярджае, што сібірская гага (Polysticta stelleri) як асобны від утварылася дзякуючы гібрыдызацыі розных відаў марскіх качак.
Гібрыднае відаўтварэнне ў вышэйшых жывёл, да якіх адносяцца і птушкі, дагэтуль лічыцца вельмі рэдкім і малазначным, аднак усё новыя і новыя даследаванні памалу змяняюць адносіны да яго. У якасці класічнага апісання, гібрыднае відаўтварэнне адбываецца калі ў выніку гібрыдызацыі двух відаў ўтвараецца трэці, новы від.
Як аказалася, нават параўнальна абмежаваны прыток генаў ад іншага віду можа мець значнае ўздзеянне на эвалюцыю падобных гібрыдаў: ад узмацнення відавога бар’еру да поўнага відавога змяшання. У апошнім выпадку або адзін з відаў-утваральнікаў гібрыднага віду, або абодва знікаюць як асобныя віды.
Philip Lavretsky з калегамі аднавілі эвалюцыйную гісторыю марскіх качак з трыбы Mergini, у якую ўключаюць такія разнастайныя віды, як гагі (Somateria spp), ныркі-свіркі і сіньгі (Melanitta spp), савукі (Mergus spp) і гогалі (Bucephala spp).
Хаця сучасныя выпадкі гібрыдызацыі паміж марскімі качкамі параўнальна рэдкія, час ад часу яны здараюцца і на сённяшні дзень вядома пра гібрыдаў паміж 13 рознымі парамі відаў марскіх качак. Аднак генетычныя даследаванні, праведзеныя амерыканцамі пасля параўнання тысяч локусаў у ядзерных і мітахандрыяльных геномах прадстаўнікоў усіх відаў трыбы, якія сустракаюцца ў Паўночнай Амерыцы, сведчаць пра тое, што гібрыдызацыя паміж прадстаўнікамі трыбы мела малае значэнне ў іх эвалюцыі. З адным выключэннем.
Былі знойдзены сведчанні даўняй гібрыдызацыі нырка-маранкі (Clangula hyemalis) з сапраўднымі гагамі (Somateria spp.), з-за якога адбыўся не толькі абмен генетычным матэрыялам паміж гэтымі відамі, але, хутчэй за ўсё і ўтварыўся новы від – сібірская гага.
Аўтары сцвярджаюць, што з развіццём тэхналогій секвеніравання геномаў і асацыятыўнага аналіза пры параўнанні геномаў магчымы і іншыя падобныя адкрыцці сярод птушак і не толькі.
Крыніца: Lavretsky, P, Wilson, RE, Talbot, SL & Sonsthagen, SA. 2021. Phylogenomics reveals ancient and contemporary gene flow contributing to the evolutionary history of sea ducks (Tribe Mergini). Molecular Phylogenetics and Evolution, https://doi.org/10.1016/j.ympev.2021.107164
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.birds-online.ru
На гэтую тэму:
Новы від птушак апісаны ў ... Еўропе!
Як навукоўцы сталі сведкамі ўзнікнення новага віду “дарвінаўскага” ўюрка
Генетыкі знайшлі, што залатагаловы манакін – патомак гібрыдаў двух іншых відаў
Два сталі адным: як дзве лініі крумкачоў некалі аб’ядналіся ў адзін від
Гібрыды звычайнай і рудахвосткі-чарнушкі ў Еўропе і Паўночнай Афрыцы
Гібрыдызацыя сірыйскага і вялікага дзятлаў у гарадзкіх папуляцыях
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ