Рост і развіццё птушанят у першыя тыдні пасля вылуплення – адзін з крытычных паказчыкаў, які далей будзе ўздзейнічаць на ўсё іх жыццё. У відаў з палавым дымарфізмам у памерах (Sexual Size Dimorphism (SSD)), адным з самых важных фактараў, якія вызначаюць рост птушанят, з’яўляецца іх пол. Каманда польскіх навукоўцаў, якія прадстаўляюць Інстытут сістэматыкі і эвалюцыі жывёл і Інстытут аховы прыроды Польскай АН, Уроцлаўскі ўніверсітэт на працягу двух сезонаў у 2016-17 гг. праводзіла маніторынг гнездавання белашчокіх рыбачак (Chlidonias hybrida), каб праверыць розныя параметры росту і развіцця птушанят гэтага віду і іх сувязь з полам.
Вывадкі на рандомна выбраных гнёздах вывучаліся на комплексах рыбаразводных ставаў у паўночнай частцы вярхоўяў Віслы (Паўднёвая Польшча). Пол птушанят пацверджвалі з дапамогай праверкі палавых храмасом у клетках крыві птушанят.
У белашчокіх рыбачак у дарослым узросце самцы большыя за самак на 3-10%. Адразу пасля вылуплення ў самцоў-птушанят большая толькі агульная даўжыня галавы, але бліжэй да вылету ў будучых самцоў ўжо адрозніваецца і вага цела (большая ў сярэднім на 13%), і даўжэйшая цэўка (на 3%) і зноў жа даўжыня галавы (на 4%).
Тым не менш, хаця тэмпы максімальнага прыроста масы цела былі большыя ў птушанят-самцоў, будучыя самкі пачыналі фазу хуткага росту раней за іх і дасягалі канчатковых памераў перад вылетам таксама раней. Рост птушанят негатыўна залежаў ад памеру вывадка ў гняздзе і ад даты вылуплення (адкладкі яек) – г.зн., што птушаняты ў большых вывадках раслі павольней, як і тыя, што вылупіліся пазней за іншыя вывадкі. Праяўленне розніцы памераў ўжо на стадыі птушанят сведчыць пра тое, што кошты гадавання птушанят-самцоў для бацькоў вышэйшыя, чым самак. Аднак даследчыкі не знайшлі статыстычна пацверджаных адрозненняў у прапорцыі самак і самцоў ні ў вывадках пасля вылуплення, ні сярод загінулых птушанят і такім чынам выляталі агулам 50 на 50 птушанят абодвух палоў.
Крыніца: Banach, A., Neubauer, G., Flis, A. et al. Sex-specific growth of nestlings of the Whiskered Tern Chlidonias hybrida, a species with sexual size dimorphism and female brood desertion. J Ornithol (2021). https://doi.org/10.1007/s10336-021-01911-y
Паводле www.link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Аляксандра Эрдмана
На гэтую тэму:
Ежа ў абмен на абяцанне капуляцыі, або як самкі падманваюць чужых юрлівых самцоў
Аварыі двух дронаў прывялі да знішчэння вялікай калоніі крычак
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
Самая доўгая міграцыя птушак цяпер апісана найбольш дэтальна
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ