На працягу двух апошніх тыдняў адбываецца сапраўдная інвазія шчуркоў (Pinicola enucleator) на поўдзень і паўднёвы захад далёка ад асноўнага арэала віда спачатку ў Нарвегіі, а ў апошнія дні і ў Швецыі. Хаця лічбы адзначаных у тысячах птушак яшчэ значна меншыя, чым ўвосень 2019 г., пад час папярэдняй інвазіі віда на поўдзень, гэта ўсё ж добры шанец адзначыць від і ў Беларусі.
На самым пачатку інвазія была адзначана толькі ў Нарвегіі, дзе да 25 кастрычніка налічылі 542 шчурка далёка на поўдзень ад звычайных месцаў іх распаўсюджання (для параўнання, у 2019 г. гэтая лічба на 25.10 была 308 птушак). Аднак за наступныя дні колькасць шчуркоў павялічылася ў разы і да 8 лістапада іх адзначылі ўжо 3.992 (у параўнанні з 4975 ў 2019 г.).
Непадобным да папярэдняй інвазіі віда ў 2019-м годзе сёлета было яго з’яўленне выключна ў Нарвегіі, аднак 6 лістапада былі адзначаныя першыя шчуркі на поўдні Швецыі, дзе на ўзбярэжжы Балтыйскага мора каля Упсалы ўжо налічылі 2013 птушак! Аднак увосень 2019 г. у апошні тыдзень кастрычніка на поўдні Швецыі налічылі больш, чым 13 тысяч шчуркоў, так што гэтая інвазія або будзе менш маштабнай, або яшчэ толькі пачынаецца.
Гэтай восенню яшчэ не было рэгістрацый шчурка ў Даніі, хаця цяпер птушак чакаюць там з дня на дзень. Увосень 2019 г. шчуркі даляцелі да Даніі ўжо ў кастрычніку, тады ж, 31.10.2019 і быў зарэгістраваны рэкорд для гэтай краіны – 105 асобін над Nordmanshage.
Апошняя рэгістрацыя шчурка ў Беларусі адбылася 12.12.2004, калі Вадзім Пракапчук у в.Плянта, што на Камянеччыне, адзначыў самца. Таму назіранні віда стануць радаснай падзеяй у нашай краіне.
Паводле www.oslobirder.blogspot.com , www.skagenfuglestation.dk i www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца шчурка з www.wall.alphacoders.com
На гэтую тэму:
Стэпавыя свірстуны з Заходняй Сібіры рэгулярна зімуюць у Заходняй Еўропе
Рэкордны гнездавы сезон у сіняхвостак з Фінляндыі – чакайма новы від для Беларусі?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ