Новы від танагры з Перу і Балівіі нарэшце апісаны - праз 21 год пасля адкрыцця

Каманда навукоўцаў нарэшце фармальна апісала новы для навукі від вельмі яркай танагры, якая распаўсюджана ў ніжніх частках Андаў у паўднёва-усходнім Перу і ў Заходняй Балівіі.

Новаапісаны від аказаўся настолькі адрозным фенатыпічна і генетычна ад ужо вядомых раней, што быў вылучаны ў новы род. Від атрымаў назву ‘сонечная танагра’ (Inti Tanager) Heliothraupis oneilli з-за сваёй афарбоўкі. Dr Daniel Lane, з Museum of Natural Science у Louisiana State University (ЗША) і адзін з сааўтараў адкрыцця, растлумачыў: "Слова Inti на мове кечуа, на якой размаўляюць мясцовыя індыяне, значыць ‘сонца’ і адпавядае ярка-жоўтай афарбоўцы гэтай птушкі”.

Сонечная танагра ўпершыню была адзначаная ў паўднёва-усходняй частцы Перу ў 2000 г., аднак доўгі час навукоўцы нічога не ведалі пра асаблівасці яе жыцця, ажно гняздуючая папуляцыя была знойдзена ў лясах у даліне ракі Machariapo ў Балівіі. Аднак аказалася, што сонечныя танагры не знаходзяцца там увесь час і знікаюць у сухі сезон. Гэта навяло навукоўцаў на думку, што від з’яўляецца унутрытрапічным мігрантам, які не пакідае тропікі, аднак перамяшчаецца ў розныя сезоны паміж рознымі месцамі.

"Гэта нячастая з’ява сярод вераб’іных птушак” – сказаў Dr Ryan Terrill, сааўтар артыкула пра новы від. "Сонечныя танагры размнажаюцца ў лясах Балівіі ў даждлівы сезон, які тут працягваецца з лістапада па сакавік, а потым сухі сезон праводзяць у ніжніх частках Андаў у месцах, здамінаваных зарасцямі бамбука, на захад ажно да нацыянальнага парка Ману ў Перу, дзе птушак упершыню і адзначылі.”

Самцы сонечных танаграў адрозніваюцца ад самак больш насычанай жоўтай афарбоўкай апярэння і чорным брывом і чубам, а таксама колерам дзюбы. "Тое, што такія ярка-жоўтыя птушкі да гэтага часу заставаліся незаўважанымі арнітолагамі, звязана з аддаленасцю іх месцаў пражывання і падкрэслівае важнасць працягвання біялагічных даследаванняў у Паднёвай Амерыцы” – напісалі даследчыкі.

Сямейства танаграў Thraupidae, параўнальна вялікае і ў яго склад уключаюць больш, чым 370 відаў, амаль усе яны распаўсюджаны выключна ў амерыканскіх тропіках. Гэта другое па колькасці вядомых сучасных відаў сямейства птушак і яно прадстаўляе 4% ад усёй арнітафауны і 12% ад арнітафауны неатропікаў.

Крыніца: Lane D F, Justiniano M A A, Terril R S, Rheindt F E, Klicka L B, Rosenberg G H, Schmitt C J & Burns K J. 2021. A new genus and species of tanager (Passeriformes, Thraupidae) from the lower Yungas of western Bolivia and southern Peru. Ornithology. DOI: https://doi.org/10.1093/ornithology/ukab059

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца сонечнай танагры  Lane et al / Louisiana State University

 

 

На гэтую тэму:

Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі

Спатрэбіўся 21 год, каб канчаткова апісаць новы від птушак

Малады арнітолаг апісаў новы від птушак у Андах Перу

Птушка Перу, якая магла стаць “самай беларускай” + VIDEO

У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга

Другі новы для навукі від птушак апісаны за год на невялікім востраве

Новы від птушак, які мімікрыруе пад ўжо вядомы, апісаны ў Бразіліі