Новы від птушак, які мімікрыруе пад ўжо вядомы, апісаны ў Бразіліі

Не так даўно лічылася, што род Cichlocolaptes складаецца толькі з аднаго віду – светлабровага надрэўнага паляўнічага Pale-browed Treehunter (C. Leucophrus), які насяляе вільготныя лясы Бразіліі. Цяпер, дзякуючы перагляду музейных калекцый і назіранням у прыродзе за алагоаскай птушкай-ганчаром Alagoas Foliage-gleaner (Philydor novaesi) ў атлантычных бразільскіх лясах, атрымалася выявіць і апісаць яшчэ адзін від з роду Cichlocolaptes, які вельмі падобны на алагоаскую птушку-ганчара і фактычна мімікрыруе пад яе!

Апісаная толькі ў 1979 годзе, эндэмік Бразіліі, алагоаская птушка-ганчар ёсць адной з найбольш рэдкіх птушак гэтай краіны і ў прыродзе дагэтуль адзначалася вельмі спарадычна. Тым не менш, новаапісаны надрэўны паляўнічы Мазара Барнэта C. mazarbarnetti ад свайго віда-двайніка адрозніваецца марфалагічна, некаторымі прамерамі, паводзінамі і голасам – ён большы, цямнейшы і з больш аднастайнай афарбоўкай апярэння. Голас новаапісанага віду падобны да голасу C. leucophrus, не гледзячы на тое, што фізічна птушка вельмі падобная да птушкі-ганчара, асабліва у выглядзе музейнай скуркі. 

Хуан Мазар Барнет (1975-2012). Фота з www.scielo.org.ar

Новы від названы ў памяць аднаго з найлепшых даследчыкаў і ахоўнікаў арнітафауны Аргенціны і Бразіліі, аргенцінца Хуана Мазара Барнета (Juan Mazar Barnett) (1975-2012). 

Вельмі сумна, што новы від з вялікай імавернасцю у бліжэйшыя гады можа цалкам знікнуць – як і яго від-двайнік (магчыма, што для яго гэта ўжо здарылася…). Ад біятопаў у месцы, у якім ён сустракаўся, застаўся толькі невялікі фрагмент. Таму адразу па апісанні від атрымаў статус Крытычна пагражаемага (Critically Endangered).  

Крыніца:

Barnett, J M, and Buzzetti, D R C. 2014. A new species of Cichlocolaptes Reichenbach 1853 (Furnariidae), the 'gritador-do-nordeste', an undescribed trace of the fading bird life of northeastern Brazil. Revista Brasileira de Ornitologia 22: 75-94.

Паводле www.birdwatch.co.uk і www.bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак са скуркамі алагоаскай птушкі-ганчара (самкі і самцы) і новаапісанага надрэўнага паляўнічага Мазара Барнэта (па цэнтру паміж імі) з www.ornithomedia.com

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

СЕНСАЦЫЯ – У АМАЗОНІІ ЗНОЙДЗЕНЫ 15 НОВЫХ ВІДАЎ ПТУШАК!

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

АПІСАНЫ НОВЫ ВІД ПТУШАК – АМАНСКАЯ САВА

НОВЫ ВІД ПТУШАК АПІСАНЫ НА ФІЛІПІНСКІХ АСТРАВАХ

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ … Ў СТАЛІЦЫ КАМБОДЖЫ !

Новы від птушак апісаны ў Перу

Новыя віды соваў адкрытыя на Філіпінах

Новы від птушак адкрыты на Барнэа

НОВЫ ВІД ПТУШАК АДКРЫТЫ Ў ЛАОСЕ