Тры белыя савы (Bubo scandiacus), адзначаныя ў Гішпаніі за апошнія 10 дзён, сталі не толькі трыма першымі рэгістрацыямі віда ў краіне за ўсю гісторыю арніталагічных назіранняў, але і стварылі самы вялікі рух твітчараў невядомага дагэтуль для Гішпаніі маштабу.
Першая сава, малады самец гэтага году, быў знойдзены ледзь жывы на паўночным узбярэжжы краіны каля мясцовасці Santander, Cantabria, 8 лістапада. Яго паспелі яшчэ жывым перадаць у рэабілітацыйны цэнтр, але пазней ён памёр. Каб зразумець адкуль ён, для ізатопнага аналізу былі ўзяты пер’я.
Праз два дні, 10 лістапада, прыкладна ў 150 км ад першай савы была адзначаная другая – самка першага году жыцця. Яна таксама была заўважана на ўзбярэжжы, у мясцовасці Moniello, Asturias. Праз тыдзень яна пераляцела ў мяцовасць Cabo de Peñas і ўся яшчэ знаходзіцца там.
Здавалася б, што можа стаць яшчэ большай сенсацыяй, чым 2 першыя белыя савы для краіны на працягу толькі 3 дзён? Яшчэ адна!
І сапраўды - яшчэ адзін малады самец першага году жыцця прыляцеў ў тую ж мясцовасць Cabo de Peñas 13 лістапада і на наступны дзень пераляцеў у Verdicio. Найбольш праўдападобным тлумачэннем з’яўлення соваў амаль у той самай мясцовасці на сёння з’яўляецца меркаванне, што яны паходзяць з Неарктыкі – гэта значыць, што іх радзіма – Арктыка Паўночнай Амерыкі, а не Еўропы ці тым больш Азіі. Аднак птушкі хутчэй за ўсё пераадолелі Атлантычны акіян не самастойна, а з дапамогай таго самага ці розных караблёў, якія рэгулярна курсуюць паміж Паўночнай Амерыкай і Еўропай - у 15 км ад месца першай рэгістрацыі двух апошніх птушак у правінцыі Астурыя знаходзіцца вялікі порт El Musel.
Гэтыя рэгістрацыі выклікалі надзвычайную цікавасць у мясцовых назіральнікаў птушак і ўжо больш за 500 чалавек прыехалі паглядзець на іх за мінулыя дні. Многія лічаць, што негледзячы на гэты патройны залёт, падобная магчымасць можа з’явіцца ў наступны раз няхутка – калі ўвогуле. Бо бліжэйшыя месцы гнездавання віда знаходзяцца найбліжэй ў еўрапейскай частцы Арктыцы на адлегласці каля 3.500 км.
У Беларусі апошні залёт белай савы быў зарэгістраваны 01-03-2012 г. на поўначы краіны.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі з Rare Birds in Spain
На гэтую тэму:
Белыя совы сігналяць суродзічам сваёй белізной
Белая сава прызнаная відам, якому пагражае рэальнае знікненне
Інвазія шчуркоў на поўдзень адбываецца ў Скандынавіі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ