Доля ‘разводаў’ у альбатросаў павялічваецца пры пацяпленні паверхні акіянаў

Вялікая каманда навукоўцаў з Universidade de Lisboa, University of Montana, South Atlantic Environmental Research Institute і Instituto Universitário, Rua Jardim do Tabaco знайшла, што ў чорнабровых альбатросаў (Thalassarche melanophris), якія гняздуюць на Фалклендзкіх астравах, доля ‘разводаў’ павялічваецца ў сезоны з павелічэннем тэмпературы паверхні вады ў акіяне навокал.  

Альбатросы, добра вядомыя сваімі доўгадыстанцыйнымі палётамі над воднай паверхняй, не менш вядомыя як птушкі, якія стараюцца стварыць пары на ўсё жыццё. Выбар партнёра адбываецца яшчэ ў неполаваспелым узросце і пасля стварэння пары яна звычайна размнажаецца да гібелі аднаго з партнёраў, а гэта могуць быць нават дзесяцігоддзі.

Папярэднее даследаванне паказала, што доля разводаў у альбатросаў параўнальна невялікая і вагаецца паміж 1 і 8%. Тое ж даследаванне знайшло, што іх асноўнай прычынай з’яўляецца праблема з размнажэннем - звычайна партнёры расстаюцца калі з яйка не вылупілася птушаня або калі яно загінула па нейкіх прычынах. Як аказалася, на працягу 15 гадоў вывучэння сацыяльнага жыцця альбатросаў на Фалклендзкіх астравах, навукоўцы таксама адзначылі, што прычынай разводу таксама могуць быць і неспрыяльныя ўмовы для гнездавання, асабліва калі яны негатыўна ўздзейнічаюць на размнажэнне пары.

Навукоўцы прааналізавалі дадзеныя, сабраныя паміж 2004 і 2019 гг і параўналі долю разводаў з поспехам размнажэння альбатросаў і рознымі ўмовамі наваколля, за якімі вялі маніторынг і знайшлі, што доля разводаў павялічвалася ў сезоны з больш высокай тэмпературай паверхні вады вакол астравоў. Іншае даследаванне паказала, што калі тэмпература паверхні ўзрастае да нейкага ўзроўню, вада адтуль перастае эфектыўна перамешвацца з больш халоднай вадой з ніжэйшых слаёў акіяна і гэта прыводзіць да збяднення кармавой базы марскіх птушак. У сваю чаргу гэта не дае магчымасці самкам альбатросаў дасягнуць аптымальнага фізіялагічнага стану для адкладкі яек, а нават калі яна адбываецца, адзін з партнёраў можа кінуць інкубацыю з-за голаду. У падобных выпадках альбатросы звычайна шукаюць новага партнёра для размнажэння ў наступным сезоне.  

Навукоўцы падкрэсліваюць, што глабальнае пацяпленне можа прывесці да глабальнага пацяплення вады ў акіянах і ўжо не перыядычных, а пастаянных праблем для размнажэння альбатросаў і іншых марскіх відаў птушак.


Крыніца: Francesco Ventura et al, Environmental variability directly affects the prevalence of divorce in monogamous albatrosses, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2021). DOI: 10.1098/rspb.2021.2112

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://commons.wikimedia.org

 

 

На гэтую тэму:

Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання

Самая старая дзікая птушка ў Свеце жывая і зноў прыляцела на месца гнездавання!

Інфрагукі могуць быць вельмі важнымі для навігацыі марскіх птушак

Хочаш застацца з тым самым партнёрам? - не спазняйся на месца гнездавання

Новы партнёр – новае шчасце?

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця