Інфрагукі могуць быць вельмі важнымі для навігацыі марскіх птушак

Вялікая каманда даследчыкаў з Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі, Даніі, Францыі, ЗША і Рэспублікі Паўднёвай Афрыкі вырашыла тэарэтычна праверыць ідэю, што інфрагукі (частатой ніжэй 20 Гц) могуць граць важную ролю ў навігацыі марскх відаў птушак над адкрытай вадой. Для гэтага даследчыкі праверылі фізічныя асаблівасці інфрагукаў, іх распаўсюджанне ў акіяне і фізіялагічна-анатамічныя асаблівасці птушак, дзякуючы якім яны б маглі падобныя гукі ўспрымаць.

Птушкі не толькі здзяйсняюць самыя далёкія міграцыі сярод жывёл, але і заслужана лічацца мадэльнымі арганізмамі для вывучэння механізмаў навігацыі. Навігацыя – шматузроўневая задача і для яе вырашэння ўжо даказана выкарыстанне птушкамі візуальнай, запахавай і магнітнай інфармацыі. Многія марскія і акіянічныя віды птушак праводзяць большую частку свайго жыцця ў палёце над марамі ці акіянамі і для арыентацыі выкарыстоўваюць зрок і пачуццё пахаў.

Альбатросы, буравеснікі і качуркі (Procellariiformes) добра вядомыя сваім выдатным пачуццём пахаў і маюць самы вялікі (адносна памераў цела) ольфакторны аддзел мозгу сярод усіх птушак. Аднак усе пералічаныя віды пачуццяў не могуць цалкам растлумачыць здольнасць некаторых з марскіх відаў да навігацыі ва ўсіх умовах, напрыклад, вяртанне на гнездавую калонію з адлегласці ў тысячы км над акваторыяй, дзе няма ніякіх візуальна адрозных мясцін і без уліку кірунку вятроў, якія могуць істотна змяншаць ці павялічваць канцэнтрацыю пахаў, патрэбных у навігацыі і кірунак яе зменаў.

Яшчэ адзін патэнцыйны від важнай для навігацыі інфармацыі, якая можа быць успрынятая птушкамі, але дагэтуль амаль не атрымала ўвагі даследчыкаў – разнастайныя гукі. І гэта негледзячы на тое, што розныя гукі ёсць практычна паўсюль навокал нас і птушкі маюць выдатны слых. Асабліва цікавымі i магчымымi ў выкарыстанні для навігацыі з’яўляюцца інфрагукі (гукі нізкай частаты) - яны пастаянна узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння паміж акіянам, зямлёй і атмасферай і распаўсюджваюцца на вельмі вялікія адлегласці (нават на дзесяткі тысяч км). Шэраг эксперыментальных работ паказаў, што шызыя галубы могуць успрымаць інфрагукі частатой да 0,05 Гц і адпаведна могуць неяк рэагаваць і на стымулы прыродных інфрагукаў.

Хутчэй за ўсё, здольнасць як мінімум некаторых відаў птушак пазбягаць ураганаў ці іншых небяспечных для іх з’яваў надвор’я таксама звязаная з іх здольнасцю успрымаць інфрагукі. Аднак сама ідэя выкарыстання птушкамі інфрагукаў для навігацыі застаецца контраверсійнай, найперш таму, што амаль нічога невядома пра механізмы ўспрыняцца інфрагукаў птушкамі і незразумела якія менавіта навігацыйныя перавагі можа падобная інфармацыя прадстаўляць.

Dr. Samantha Patrick (з універсітэту Ліверпуля, Вялікабрытанія), галоўны сааўтар публікацыі па выніках даследавання, сказала: "Марскія віды птушак пралятаюць вялізарныя адлегласці над адкрытай вадой, якія выглядаюць аднолькава і нашы веды таго, як яны даюць сабе рады з навігацыяй у падобных месцах, застаюцца яўна недастатковымі. У гэтай рабоце мы праверылі ці фізічныя асаблівасці інфрагукаў сапраўды і як могуць выкарыстоўвываць птушкі для арыентацыі.”

"Мы лічым, што інфрагукі могуць быць вельмі важнай крыніцай навігацыйнай інфармацыі для марскіх відаў птушак, асабліва ва ўмовах, калі іншыя крыніцы малаінфарматыўныя. Неабходны далейшыя даследаванні, якія б змаглі аб’яднаць ужо распрацаваныя мадэлі, дадзеныя пра перамяшчэнні птушак над акіянамі і запісы інфрагукаў, зробленыя in-situ (на месцы правядзення назіранняў) – гэта дапамагло б праверыць многія нашы здагадкі на практыцы ў гэтым важным пытанні.”


Крыніца: Samantha C. Patrick et al. 2021 Infrasound as a Cue for Seabird Navigation, Front. Ecol. Evol., 26 November 2021. DOI: 10.3389/fevo.2021.740027 , www.frontiersin.org/articles/1 … evo.2021.740027/full

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак крычкі-чэгравы – Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Марафонцы сярод птушак - сем самых неверагодных прыкладаў

Самая доўгая міграцыя птушак цяпер апісана найбольш дэтальна

Даказана: пералётныя птушкі могуць выкарыстоўваць геамагнітныя мапы

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!