Вераб’іныя птушкі ведаюць пра ўраган загадзя

Залатакрылыя пячураўкавыя спевуны Golden-winged Warblers (Vermivora chrysoptera) са Злучаных штатаў ведалі загадзя пра магутныя ўраганы, якія “прыйшлі” ў Паўночную Амерыку мінулай вясной.

Паводле навукоўцаў, птушкі адляцелі са сваіх гнездавых тэрыторый “з запасам” часу да таго, як магутны ўраган з 84 падцверджанымі тарнада дасягнуў тых месцаў, дзе яны былі. 

Адкрыццё было зроблена выпадкова, калі даследчыкі ў гарах Cumberland (штат Тэнэссі, ЗША) правяралі, ці птушкі будуць нармальна пачуваць сябе з мініятурнымі геалакатарамі на спіне. Спевуны з геалакатарамі раптам адляцелі з нядаўна занятых гнездавых тэрыторый і праляцелі (як аказалася пазней, дзякуючы атрыманым з геалакатараў дадзеным) на працягу пяці дзён ажно 930 км, каб пазбегнуць тарнада. 

"Самае нечаканае было ў тым, што птушкі адляцелі задоўга да пачатку ўрагану” – сказаў Генры Стрэбай (Henry Streby) з універсітэту Каліфорніі ў Бэрклі. "У той самы час, калі метэаролагі па тэлебачанні паведамілі, што ураган кіруецца ў наш бок, птушкі ўжо ведалі пра яго кірунак і адляталі”. 

Навукоўцы тлумачаць іх паводзіны тым, што птушкі пачулі інфрагукі, якія распаўсюджваюцца перад рэзкай зменай надвор’я, якія вуха чалавека не здольнае ўспрымаць. 

Метэаролагі і фізікі даўно ведаюць, што ўраганы ўтвараюць вельмі моцныя інфрагукі, якія распаўсюджваюцца на тысячы кіламетраў. І хаця падказаць птушкам пра набліжэнне тарнада маглі і нейкія іншыя фізічныя з’явы, аднак інфрагукі падобнай частаты, якія могуць успрымаць птушкі, як раз распаўсюджваюцца перад надыходам тарнада. 

Каб пазбегнуць непажаданага і небяспечнага для іх надвор’я, птушкі могуць змяняць свае маршруты і пад час сезонных міграцый. Аднак у такіх выпадках шмат залежыць ад тых энергетычных рэзерваў, якія ў іх засталіся пад час пералётаў. 

Сёлета Стрэбай са сваёй камандай хоча павесіць сотні геалакатараў на розныя віды птушак, каб больш даведацца пра асаблівасці іх падарожжаў.

Крыніца:
Streby, H M, Kramer, G R, Peterson, S M, Lehman, J A, Buehler, D A, and Andersen, D E. 2014. Tornadic Storm Avoidance Behavior in Breeding Songbirds. Current Biology DOI: 10.1016/j.cub.2014.10.079 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.tringa.org

 

На гэтую тэму:

АДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК

Некаторыя палявыя падкаменкі вандруюць яшчэ далей, чым меркавалася

АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ

АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, Ў ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ

 

 

Comments